Цяпер, апроч абвінавачвання ў злосным хуліганстве, Вользе Клімковай і Сяргею Скоку «шыюць» абразу прэзідэнта.

Паводле інфармацыі MSPRING.MEDIA, абвінавачаным у злачынстве па ч.2 арт.339 КК РБ магілёўцам Вользе Клімковай і Сяргею Скоку, верагодна, прад’яўлена абвінавачванне яшчэ і па ч. 2 арт. 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта».

Па першым артыкуле Скоку і Клімковай пагражае ад 1 да 6 гадоў пазбаўлення волі, па 368-ым – да трох гадоў пазбаўлення.

ШТО ЗА ЛЯЛЬКІ?

Нагадаем, некалькі чалавек былі затрыманыя 23 і 24 лістапада ў якасці падазраваных па крымінальных справах, звязаных з «партызанскім пратэстам».

Усе затрыманыя былі ў адным з закрытых магілёўскіх чатаў. Увагу сілавых структур гэтыя людзі прыцягнулі пасля некалькіх «вылазак», у прыватнасці, акцый у Магілёве, звязаных з лялькамі.

Пазней у афіцыйным телеграм-канале МУС з’явілася пацвярджэнне:

«Жыхары абласнога цэнтра пазнаёміліся ў дваровым чаце і вырашылі арганізаваць перформанс: вырабілі шэсць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і малюнкамі вышэйшых службовых асоб, размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сетцы».

Першапачаткова МУС заяўляла, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку выйшлі на чатырох чалавек, «мужчын і жанчын ва ўзросце ад 33 да 39 гадоў». У дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа за хуліганства.

Усяго ў Следчы камітэт з таго часу было выклікана не менш за 10 чалавек па гэтай справе. Большасць з іх праходзяць на момант публікацыі ў статусе сведкаў або падазраваных і знаходзяцца на волі.Усяго ў Следчы камітэт з таго часу было выклікана не менш за 10 чалавек. У СІЗА апынуліся магілёўцы Сяргей Скок і Вольга Клімкова. Ім прад’явілі абвінавачванне па ч.2 арт.339 КК РБ.

А ШТО ЗА АБРАЗА ПРЭЗЫДЭНТА?

Як высветлілася, Скоку і Клімковай таксама пагражае адказнасць за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Верагодна, адна з вывешаных лялек адсылала да яго. Акрамя таго, на самой постаці былі надпісы, якія следства лічыць абразлівымі.

Следства паступова падыходзіць да канца – хутчэй за ўсё, ужо да канца студзеня матэрыялы будуць перададзеныя ў пракуратуру, а пасля адбудзецца суд. Зрэшты, калі ў гэтай справе раптам не ўсплывуць яшчэ эпізоды – усё-такі па колькасці людзей, якія праходзяць у якасці сведак або падазраваных, яно з’яўляецца самым масавым «палітычным» працэсам у Магілёўскім рэгіёне на дадзены момант.