Двое чалавек – у СІЗА. У Магілёве на ўсю моц ідзе крымінальны пераслед з-за лялек

За паразвешваныя ўздоўж дарогі пудзілы з выявами, як мяркуецца, чыноўнікаў, некалькі магілёўцаў могуць атрымаць рэальныя крымінальныя тэрміны.

Нагадаем, некалькі чалавек былі затрыманыя 23 і 24 лістапада ў якасці падазраваных па крымінальных справах, звязаных з «партызанскім пратэстам».

Усе затрыманыя былі ў адным з закрытых магілёўскіх чатаў. Увагу сілавых структур гэтыя людзі прыцягнулі пасля некалькіх «вылазак», у прыватнасці, акцый у Магілёве, звязаных з лялькамі.

Игры кончились. В Могилеве массовые задержания по уголовке

Пазней у афіцыйным телеграм-канале МУС з’явілася пацвярджэнне:

«Жыхары абласнога цэнтра пазнаёміліся ў дваровым чаце і вырашылі арганізаваць перформанс: вырабілі шэсць роставых лялек з цынічнымі надпісамі і малюнкамі вышэйшых службовых асоб, размясцілі іх на пуцеправодах паблізу вёсак Вільчыцы і Любуж, сфатаграфавалі і распаўсюдзілі здымкі ў сетцы».

Першапачаткова МУС заяўляла, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку выйшлі на чатырох чалавек, «мужчын і жанчын ва ўзросце ад 33 да 39 гадоў». У дачыненні да іх была ўзбуджаная крымінальная справа за хуліганства.

Усяго ў Следчы камітэт з таго часу было выклікана не менш за 10 чалавек па гэтай справе. Большасць з іх праходзяць на момант публікацыі ў статусе сведкаў або падазраваных і знаходзяцца на волі.

Зрэшты, так пашанцавала не ўсім. Паводле інфармацыі MSPRING.MEDIA, двое чалавек – Сяргей. С. і Вольга К. – знаходзяцца пад вартай у магілёўскім СІЗА. Ім, паводле крыніцаў, прад’яўлена абвінавачанне па ч.2 арт.339 КК РБ.

Верагодна, абвінавачаных будзе больш – Следчы камітэт, варта адзначыць, досыць хутка знайшоў фігурантаў справы. Больш за тое, пошукі, мяркуючы па ўсім, яшчэ не скончаны.

Прагнозы для «магілёўскіх партызан» не самыя суцяшальныя. Па ч.2 арт.339 ім пагражае ад 1 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Па гэтай жа частцы і артыкуле, напрыклад, у Мінску 8 снежня судзілі групу з пяці чалавек за звычайнынадпіс «Не забудзем» на мемарыяле забітага Аляксандра Тарайкоўскага.

Двое з іх атрымалі рэальныя тэрміны – два гады калоніі агульнага рэжыму для Максіма Паўлюшчыка, два гады калоніі строгага рэжыму – для Уладзіслава Гуліса. Яшчэ тры чалавекі атрымалі звыш аднаго года абмежавання волі.

Як патэнцыйны суд расцэніць выраб і вывешванне «лялек з цынічнымі надпісамі і выявамі вышэйшых службовых асобаў» – застаецца толькі здагадвацца.