На іх думку, праваабаронцы выбралі не тое месца.

8 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі гарвыканкам адказаў мясцовым праваабаронцам Аляксею Колчыну і Аляксандру Буракову наконт пікету салідарнасці з украінскім палітвязнем Алегам Сянцовым.

Колчын і Буракоў прасілі дазволіць мерапрыемства салідарнасці на пляцоўцы побач з дыягнастычным цэнтрам, недалёка ад гарвыканкама.

Аднак намеснік кіраўніка горада Алы Галушка у сваім адказе адзначыла, што «адзіным месцам правядзення пікетаў, мітынгаў і сходаў, якія арганізуюць грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі, вызначаны стадыён па вул. Чалюскінцаў, 64В (побач з былым ДК «ЗІВ»)».

– У сувязі з тым, што ў заяве было ўказана іншае месца правядзення масавага мерапрыемства, дазволіць правядзення пікету 12 кастрычніка не ўяўляецца магчымым, – заявіла Галушка.

Колчын і Буракоў збіраліся правесці пікет салідарнасці з украінскім рэжысёрам Алегам Сянцовым, які ўтрымліваецца ў расійскай калоніі, ў дзень прыезду ў Магілёў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Па словах праваабаронцаў, яны чакалі тая каго адказу:

– Улады не здзівілі нас сваімі словамі пра стадыён – такая норма прапісана ў рашэнні гарвыканкама ад 2007 года. Аднак права на свабоду сходаў гарантавана Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Акцыя салідарнасьці мае сэнс, калі яе бачаць. На футбольным полі на Чалюскінцаў з гэтым праблематычна, – сказаў Буракоў.

Праваабаронца адзначае, што пры жаданні гарвыканкам мог дазволіць акцыю:

У красавіку гэтага года мясцовыя камуністы разам з савецкімі сцягамі без асаблівых праблем адсвяткавалі дзень нараджэння Уладзіміра Леніна на аднайменнай плошчы ў цэнтры горада. Фактычна гэта было тое ж самае масавае мерапрыемства. Чаму яны маюць права выказваць сваё меркаванне ў цэнтры горада, а іншыя не? Відавочна таму, што тэма Леніна уладам прыемна і ўтульна, а Сянцова – не, – сказаў на заканчэнне Буракоў.

Паводле яго слоў, яны абавязкова абскардзяць рашэнне гарвыканкама ў судзе. Што тычыцца падтрымкі Сянцова, то тут праваабаронцы будуць шукаць іншыя спосабы выказвання салідарнасці з ім.

Алег Сянцоў  – украінскі кінарэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік. Вясной 2014 года падчас далучэння Крыма да Расійскай Федэрацыі падтрымліваў рух за адзіную Ўкраіну. Купляў і развозіў прадукты і прадметы першай неабходнасці па украінскіх воінскіх часцях у Крыму, якія былі заблакаваныя «зялёнымі чалавечкамі». Быў затрыманы ФСБ.

У 2015 годзе расейскі суд прысудзіў яго да 20 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў тэрарызьме. Міжнароднымі арганізацыямі арышт Сянцова быў прызнаны незаконным, а сам рэжысёр – палітвязнем. З траўня 2018 года да кастрычніка трымаў галадоўку з мэтай дамагчыся вызвалення ўсіх украінскіх зняволеных з расійскіх турмаў. Яго галадоўка ўвайшла ў гісторыю як адна з найбольш працяглых акцый пратэсту.