Серыя паўгадзінных выпускаў пад назвай “Встретимся у Звездочета” “павінна распавядаць аб мінулым і будучым горада Магілёва, гарадскіх навінах, культурных падзеях”.

Па задумцы упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, «у тэлеперадачах вядучыя павінны падарожнічаць па вуліцах горада Магілёва, запрашаючы тэлегледачоў больш даведацца пра свой горад, знаёміць іх з цікавымі гараджанамі» а таксама «павінны актыўна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для сувязі з тэлегледачамі», паведамляецца ў аб’яве аб дзяржзакупках на icetrade.by. Мяркуемая працоўная мова праграмы – руская.

Да канца года павінна выйсці 44 выпуску «сустрэч». Гэта значыць, кожны будзе каштаваць амаль 20 мільёнаў рублёў. Усе выдаткі плануецца пакрыць з гарадскога бюджэту.

Акрамя новай тэлепраграмы, мясцовыя ўлады гатовыя вылучыць 383 мільёны рублёў на інфармацыйнае абслугоўванне афіцыйнага сайту аблвыканкама, што на 35 мільёнаў больш, чым у мінулым годзе.

Цікавыя патрабаванні аблвыканкама да мовы: неабходны мінімум – гэта размяшчэнне інфармацыі па-руску і па-ангельску. Зыходзячы з дакументу “Запыт цэнавых прапаноў”, рэдактарам сайта досыць рабіць па-беларуску толькі 15% ад усяго аб’ёму навін. Пры гэтым, у іншым сваім аб’яўленні на сайце дзяржзакупак, рэгіянальныя ўлады гатовыя выдаткаваць 362 мільёны рублёў на вывучэнне грамадскай думкі пра важнасць беларускай мовы, грамадска-палітычнай сітуацыю ў рэгіёне і карупцыі.

Адзначым, што хутчэй за ўсё працу сайта будзе забяспечваць «Магілёўскі рэгіянальны інфармацыйны цэнтр», які займаўся гэтым у мінулым годзе.