Чыноўнікі нават пазначылі тэлефоны, па якіх можна даведацца разнарадку па колькасці квіткоў для набыцця.

4 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Алег Файніцкі/БелТА


Ліст за подпісам кіраўніка раённай адміністрацыі Віктара Лаўрыновіча распаўсюдзілі яшчэ 28 красавіка па бюджэтным арганізацыям, сярод якіх ёсць паліклінікі, ліцэі, тэатры і музеі.

Чыноўнікі пазначылі, што “у рамках святкавання 750-годдзя заснавання горада Магілёва 28 чэрвеня 2017 года на стадыёне “Спартак” адбудзецца цырымонія ўручэння штогадовай прэміі Магілёўскага гарвыканкама “Дасягненне” і святочны канцэрт з удзелам Пятра Ялфімава і хэдлайнера дадзенага мерапрыемства папулярнай расійскай спявачкі Паліны Гагарынай. У мэтах заахвочвання лепшых прадстаўнікоў вытворчасці і ў адпаведнасці з лістом Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 2017/04/12 г. № 1-63 / 150 “Аб правядзенні міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа” Вам прапанавана набыць квіткі на наступныя канцэрты фэсту …”

Згодна з дакументам, на гала-канцэрт “Магутны божа” білет ацанілі ў 35 рублёў, паслухаць Паліну Гагарыну можна за 65-68 рублёў, а на канцэрт народнага рускага хора ім. Пятніцкага можна трапіць за 35 рублёў.

Пры гэтым раённы ідэалагічны аддзел абавязаў прадастаўляць інфармацыю па набыцці квіткоў кожны чацвер да 13 гадзін.

У канцы дакумента чыноўнікі прыводзяць нумары, па якіх можна даведацца разнарадку па набыцці білетаў. Сярод іх – асабістыя мабільныя і працоўныя тэлефоны работнікаў магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу.:

Прачытаць дакумент цалкам

ДАВЕДКА:Фестываль “Магутны Божа” – міжнародны фэст духоўнай музыкі, які праводзіцца ў Магілёве з 1993 года. За час свайго існавання не раз аказваўся пад пагрозай закрыцця з-за недастатковага фінансавання і адсутнасці шырокай цікавасці сярод гледачоў. Пры гэтым застаецца адным з самых вядомых падзей у культурным жыцці горада. У 2017 годзе будзе праводзіцца з 26 чэрвеня па 3 ліпеня.