Людміла Гершанкова распавяла пра паездку на спатканне да сына Ігара, якога прысудзілі да смяротнага пакарання.

30 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На галоўным здымку – судовы працэс над “чорнымі рыелтарамі”, ліпень 2017.


Людміла Адамаўна пабывала на спатканні ў сына ў мінскім СІЗА №1 22 студзеня. Паводле яе слоў, зараз Ігар Гершанкоў адчувае сябе адносна нармальна. У асноўным ён заняты напісаннем скаргаў у розныя інстанцыі. На днях ён паслаў ліст прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.

Асуджаныя да смяротнага пакарання могуць напісаць прэзідэнту прашэнне аб памілаванні. Аднак мой сын адмаўляецца прызнаваць сябе вінаватым у забойствах. Такім чынам, прасіць аб памілаванні для яго дзіўна. Ён проста выказаў у лісце, што з ім рабілі і як у яго выбівалі паказанні, – распавяла Гершанкова.

Па яе словах, ён распавёў падрабязнасці таго, як з’явілася прызнаўчая заява аб забойствах:

– У красавіку 2015 года яго спачатку патрымалі ў Кастрычніцкім РАУС, дзе зьбілі. Пасля гэтага яго адвезлі ў лякарню. Нібыта, у гарадскую. Там яму паставілі кропельніцу, далі таблетак. Пасля чаго павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Там пачаўся жах.

Людміла Гершанкова верыць свайму сыну і сцвярджае, што акрамя звычайных супрацоўнікаў, з Ігара выбіваў паказанні намеснік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Магаблвыканкама Аляксандр Муха.

– Ігара паставілі ў няёмкую позу – ногі шырока рассунулі, а рукі заключылі ззаду ў кайданкі. Ён запатрабаваў адваката, за што яго пачалі біць дубінкамі і нагамі. Пасля гэтага яго зноў адвезлі ў лякарню.

Са слоў маці, калі Гершанкоў вярнуўся адтуль, яго накіравалі ў камеру ІЧУ №14.Там сядзелі зняволеныя, якія пачалі перыядычна зьбіваць Ігара.

– Ён мне расказваў, а ў мяне слёзы цяклі. Калі з камеры зноў на допыт даставілі, Муха ў яго спытаў, ці патрэбен яму яшчэ адвакат і даў ручку і паперу. Тое ж самае, Ігар лічыць, было і з Беражным, – распавяламаці асуджанага на смерць.

Яна падала скаргі ў гарадскую пракуратуру і ва Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці. Таксама Людміла Гершанкова збіраецца паскардзіцца кіраўніцтву УУС Магаблвыканкама.

На пытанне, чаму сын раней не распавядаў пра тых, хто яго непасрэдна збіваў, маці адказвае: баяўся.

Пакуль яны знаходзіліся ў Магілёве, ён баяўся распавядаць нават на судзе аб катаваннях, з якімі ён сутыкнуўся. Больш за тое, ужо пасля таго, як яго асудзілі, да яго ў ізалятар прыходзілі двое сілавікоў. Гэта было 25 ліпеня. А 27 ліпеня да яго прыходзіў Анатоль Прымачок (начальник аддзела па раскрыцці злачынстваў супраць асобы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС), які параіў яму не распавядаць пра тое, як з ім абыходзіліся, – распавяла Гершанкова.

Ужо на апеляцыі ў Вярхоўным судзе ў Менску Ігар Гершанкоў заявіў пра катаванні, якім яго падвергнулі. Судовая калегія не ўлічыла гэтыя словы, а дадатковая праверка з боку Следчага камітэта не выявіла парушэнняў сілавікоў.

У дадзены момант Людміла Гершанкова чакае адказаў з ДВП і пракуратуры. Яна спадзяецца, што будзе праведзена незалежная почырказнаўчая экспертыза. Маці смяротніка ўпэўненая, што яна пацвердзіць той факт, што Ігар напісаў заяву пад чужым уздзеяннем. Наступнае спатканне з сынам у яе намечана на 22 лютага.

Ігар Гершанкоў асуджаны да смяротнага пакарання па справе так званых «чорных рыэлтараў». У ліпені 2017 года суддзя Рыгор Качалаў прысудзіў Таццяну Гершанкову да 24 гадоў турмы, а Барыса Калеснікава – да 22 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яшчэ дваіх чалавек- Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога – суддзя пастанавіў адправіць на смяротнае пакаранне.

Па версіі следства, з 2009 па 2015 год «чорныя рыэлтары» забівалі ўладальнікаў кватэр, каб завалодаць іх нерухомасцю. Было даказана дачыненне ўсёй групоўкі да забойства шасці чалавек. Яшчэ тры чалавекі пазбеглі смерці, паколькі фігурантаў справы змясцілі пад варту. Злачыннай групе залічылі здзяйсненне і падрыхтоўку да здзяйснення забойстваў, выкраданне і падрыхтоўку да выкрадання чалавека, махлярства, разбой, вымагальніцтва, крадзеж або знішчэнне дакументаў і незаконны абарот наркотыкаў або псіхатропаў.