Намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч запатрабаваў ад партала «Магілёўскі рэгіён» 6tv.by неадкладна растлумачыць крытычныя матэрыялы ў бок бізнэсмэна Каплуната і яго вытворчасці.

4 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


ТАА «Омсктэхвуглярод» абвінаваціла мясцовы рэгіянальны сайт 6tv.by у тым, што ён распаўсюдзіў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці. Тым самым журналісты нанеслі шкоду дзелавой рэпутацыі кампаніі, а таксама падвергнулі страт грамадскія і дзяржаўныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.

Пра гэта ўсё рэдакцыя 6tv.by даведалася з ліста намесніка міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча. У прыватнасці, «Омсктэхвуглярод» лічыць недакладнай інфармацыю пра тое, што заводы па вытворчасці тэхнічнага вугляроду, адзін з якіх запускаецца пад Магілёвам, ператвараюць прылеглую тэрыторыю ў зону экалагічнага бедства.

Акрамя таго, кампанія расійскага алігарха Валерыя Каплуната незадаволеная крытычнымі выпадамі ў адрас самога бізнэсмэна. 6tv.by са спасылкай на расейскія СМІ публікаваў інфармацыю пра тое, што бізнэсмэн кантралюе каманду омскага губернатара, а таксама пра тое, што той прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Усяго Мінінфарм просіць рэдакцыю патлумачыцца па пяці пунктах у матэрыяле «Ці патрэбен Магілёву «Омсктэхвуглярод і па двух пунктах у матэрыяле «Як Валерый Каплунат адрэагаваў на публікацыю «Магілёўскага рэгіёну».

Галоўны рэдактар 6tv.by Зміцер Салаўёў абвяргае ўсе абвінавачванні. З ягоных слоў, кіраўніцтва «Омсктэхвуглярода» першапачаткова звярталася ў міліцыю са скаргай на сайт, аднак праверка пацвердзіла адсутнасць парушэнняў з боку 6tv.by. Цяпер людзі Валерыя Каплуната вырашылі звярнуцца ў Міністэрства інфармацыі.

– Мы расцэньваем гэта як спробу ціску ад кампаніі, у якой ёсць добрыя стасункі з мясцовымі ўладамі. Мы ўпэўненыя ў сваёй пазіцыі, паколькі ўся інфармацыя, якая выкарыстоўвалася на нашым сайце, была раней апублікаваная ў расійскіх СМІ. Мы гатовыя абскардзіць ліст Міністэрства інфармацыі,– заявіў Салаўёў.

Галоўрэда здзівіла, што Мінінфарм вельмі хутка запатрабаваў адказ:

– Ліст Карлюкевіча падпісаны 1 жніўня. 3 жніўня ён быў дастаўлены. Ад нас запатрабавалі, каб мы падалі тлумачэнні да 4 жніўня ўключна. Зараз мы рыхтуем ліст, у якім заяўляем, што наш адказ будзе гатовы пазней, – сказаў кіраўнік сайта.

Журналіст Аляксандр Уселюбскі, які з’яўляецца аўтарам серыі матэрыялаў пра «Омсктэхвуглярод», у каментары для mspring.online паведаміў, што крытычная інфармацыя пра Валерыя Каплуната друкавалася на працягу некалькіх гадоў у омскіх СМІ.

– Кампанія наследзіла ў Омску, пра што пісала мясцовая прэса. Мы толькі выкарыстоўвалі ўжо існуючую інфармацыю, якую нават не каментавалі. Магілёўцам, на наш погляд, важна ведаць, хто і з якім вытворчасцю да нас ідзе, – заявіў Уселюбскі.