Магілёў стаў апошнім абласным цэнтрам, дзе Віктар прэзентаваў сваю кнігу.

2 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


Лістапад пачаўся для магілёўцаў з прыемнага – самы папулярны пісьменнік сучаснай Беларусі Віктар Марціновіч прадставіў сваю апошнюю кнігу «Ноч» у грамадскім цэнтры «Кола».

Паглядзець і паслухаць аўтара сабралася амаль паўсотні аматараў літаратуры. Асаблівасць мерапрыемстваў з Марціновічам – тут заўсёды шмат моладзі.

Сюжэт у «Ночы» фантастычны, аднак Віктар папрасіў не ўспрымаць кнігу выключна як прыгодніцкі баявік. На яго задумку, гэта сур’ёзны твор, які трэба зразумець. Зрэшты, чытаецца ён досыць хутка.

Усяго наклад склаў 2300 кнігі. Па словах Марціновіча, ён не хоча, каб нешта дадрукоўвалася:

– Мы хочам, каб за гэтай кнігай ішла паляванне. Каб яна стала бібліяграфічнай рэдкасцю, – сказаў пісьменнік.

Зрэшты, прачытаць яе атрымаецца – Віктар анансаваў, што да электроннага варыянту кнігі будзе бясплатны доступ.

Пасля «Ночы» Марціновіч плануе на некаторы час адысці ад напісання кніг:

– Я хачу даць «Ночы» пажыць сваім жыццём. У кожнай кнігі сваё жыццё, якая нават незалежыць ад аўтара.

Па прызнанні аўтара, ён не чакаў, што кніга выкліча такі рэзананс – у Мінску на аўтограф-сесію, прысвечаную выхаду творы, сабралася некалькі соцень чалавек. Аднак у папулярнасці ёсць і зваротны бок: «Ноч» Марціновіча сутыкнулася з вельмі жорсткай крытыкай з боку СМІ:

«Еўрарадыё» і «Радыё Свабода» выпусцілі ня крытычныя, а хамаватыя рэцэнзіі. Чаму такія рэцэнзіі публікуюцца ў такіх медыя? Гэта паляванне за хайпам, – упэўнены пісьменнік.

Пісьменнік і паэт Віталь Рыжкоў, які з’яўляецца рэдактарам «Ночы», заявіў, што толькі некалькі чалавек з усёй Беларусі здольныя пісаць адэкватную крытыку:

Гэта філосаф Валянцін Акудовіч, культуролаг Максім Жбанкоў і літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Іншыя спрабуюць пісаць у стылі, якім у свой час адзначыўся магілёўскі журналіст Віталь Шум – эмацыйныя водгукі, якія былі далёкія ад сапраўднай крытыкі.

«Ноч» выйшла на беларускай мове. Рускамоўны варыянт тэксту, як сказаў Марціновіч, будзе толькі праз 6-8 месяцаў.

– Уся справа ў тым, што я хачу, каб максімальная колькасць чалавек прачытала «Ноч» менавіта на беларускай. Мы пакуль чакаем з перакладам на рускую мову. Мы, усё ж, з Беларусі, – заявіў пісьменнік.

Сустрэча доўжылася дзве гадзіны. Усім жадаючым Віктар Марціновіч падпісаў асобнікі кніг.