Барыс Бухель, Валадар Цурпанаў і Аляксандр Хамратаў разам з праваабаронцамі і юрыстамі з усёй Беларусі абмеркавалі метады барацьбы супраць дэкрэта «Аб сацыяльным ўтрыманстве».
2 лістапада. Мінск-Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Радыё Рацыя
Круглы стол адбыўся 1 лістапада пад эгідай незалежнага прафсаюзу радыё-электроннай прамысловасці (РЭП) у Мінску.
У сустрэчы прынялі ўдзел каля дваццаці чалавек – прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый і беларускіх прафсаюзаў.
Сярод прыярытэтных задач магілёўскі актывіст і праваабаронца Валадар Цурпанаў назваў распрацоўку інструкцыі з канкрэтнымі дзеяннямі для грамадзян. Акрамя гэтага, на круглым стале заявілі пра неабходнасць стварэння адпаведнай інструкцыі для юрыстаў, да якіх звяртаюцца людзі.
Адным з магчымых спосабаў барацьбы праваабаронцы і прафсаюзы ўбачылі правядзенне масавых мерапрыемстваў, а таксама зварот у падатковыя органы. Беларускі Хельсінскі камітэт у асобе Гары Паганяйла ўзяў на сябе адказнасць за прыцягненне да антыканстытуцыйнага дэкрэтам ўвагі міжнародных структур. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што ўсе дзеянні павінны актыўна асвятляцца ў СМІ.
Як адзначыў Барыс Бухель, мерапрыемства прайшло плённа і цяпер ёсць дакладнае разуменне таго, што неабходна рабіць для вырашэння праблемы:
– Мы дамовіліся размеркаваць працу паміж удзельнікамі круглага стала. Частку возьме на сябе Беларускі Хельсінскі камітэт, частку – РЭП, частку возьмуць магілёўскія праваабаронцы, астатнія таксама не застануцца без справы. Наперадзе нас чакае сур’ёзная праца.
Нагадаем, што за апошнія два тыдні магілёўскія праваабаронцы сутыкнуліся з рэзкім ростам зваротаў, якія тычацца падатку на дармаедства.