Здаецца, хтосьці выкарыстоўвае ў афіцыйных прэс-рэлізах мову варожасці.

30 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


27 чэрвеня на афіцыйным сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама з’явілася публікацыя пад назвай «У Бабруйску наркакантроль затрымаў прадстаўніка этнічнай дыяспары цыган. Ён падазраецца ў збыце метадону, спажыванне якога пацягнула смерць чалавека».

Афіцыйны прадстаўнік УУС Дзмітрый Ігнатовіч, які з’яўляецца аўтарам тэксту, чатыры разы пазначыў этнічную прыналежнасць чалавека, якога затрымаў наркакантроль. Двойчы выраз «прадстаўнік этнічнай дыяспары цыган» згадваецца ў цытаце палкоўніка Уладзіслава Кавалёва, які даў каментар для матэрыялу. Яшчэ два разы – непасрэдна ў тэксце Дзмітрыя Ігнатовіча.

Згодна з пунктам 8 рэкамендацый Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь для СМІ, сродкам масавай інфармацыі «не варта фіксаваць увагу чытачоў і гледачоў на нацыянальнай прыналежнасці асоб, якія ўчынілі злачынствы, каб пазбегнуць распальвання нацыянальнай нянавісці ці варожасці».

Праваабаронца Аляксандр Буракоў засяроджвае ўваго на тое, што ў матэрыяле на сайце УУС акцэнт на этнічную прыналежнасць зроблены не з-за памылцы:

– Па-першае, бянтэжыць тое, наколькі часта ў адным тэксце сустракаецца ўказанне таго, да якога этнасу адносіцца герой публікацыі. Нават адной згадкі хапіла б, бадай, каб запомніць гэта. Па-другое, у канцы матэрыялу зноў падкрэсліваецца, што першая ў рэспубліцы крымінальная справа па такім жа артыкуле Крымінальнага кодэкса скончылася абвінаваўчым прысудам у дачыненні да чалавека, які таксама быў прадстаўніком названай этнічнай дыяспары. Гэта досыць яркі прыклад выкарыстання мовы варожасці, – лічыць Буракоў.

На яго думку, такая інфармацыйная палітыка з боку сілавой структуры прыводзіць да праблемаў:

– Многія СМІ перадрукоўваюць рэлізы УУС і часам нават не змяняюць нічога ў тэксце. Некалькі беларускіх медыя ўзялі тэкст, захаваўшы ў загалоўку ўказанне на этнас затрыманага. А гэта ўжо значна больш шырокая аўдыторыя, чым у сайта УУС. Усё гэта прыводзіць да таго, што прадстаўнікі этнічнай групы ў вачах людзей яшчэ больш маргіналізуюцца, нажаль.