Магілёўская праваабарончая група распавяла, што рабіць, калі каго-небудзь з блізкіх даставілі ў псіхлячэбніцу супраць ягонай волі.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што ў выпадку шпіталізацыі чалавека абмяжоўваюць у праве на тэлефонныя размовы, перапіскі і атрыманне пасылак.

«Чалавек застаецца цалкам адрэзаным ад знешняга свету. Відавочна, правы чалавека ў дадзеным выпадку будуць парушаныя, аднак у Рэспубліцы Беларусь гэта становіцца законным», – пазначана ў рэлізе МПГ.

Праваабаронцы прыводзяць пакрокавую інструкцыю, як трэба камунікаваць з міліцыяй і лекарамі.

«Сёння з-за відавочнай недасканаласці Закона “Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі” у грамадзян ёсць адзіная надзейная абарона – не падпісваць згоды на праходжанне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Рэкамендуецца не падпісваць ніякіх папер зусім, бо існуе небяспека, што, напрыклад, пры канфіскацыі адзення дробным шрыфтам можа быць прапісана згода на лячэнне (такія выпадкі ўжо былі зафіксаваныя)», – даюць парады ўдзельнікі МПГ.

З поўнай інструкцыяй можна азнаёміцца на сайце Магілёўскай праваабарончай групы.