Пракуратура і начальства супрацоўніка Ленінскага РАУС Яўгенія Слаўнікава павінны будуць праверыць яго дзеянні.

4 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Журналістка-фрылансер Аліна Скрэбунова паскардзілася ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, Ленінскі райаддзел міліцыі і пракуратуру на дзеянні маёра Яўгенія Слаўнікава. На працягу месяца ён рэгулярна выклікаў яе для складання адміністрацыйных пратаколаў па адной і той жа справе. Пасля гэтага ён адразу выдаваў дзяўчыне позвы ў суд.

Аднак ніводнага судовага паседжання так і не адбылося – усе пратаколы Слаўнікава суд Ленінскага раёна прызнаваў неякаснымі і вяртаў на дапрацоўку. У выніку тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці мінуў.

Як распавяла Скрэбунова, Слаўнікаў ставіў ёй у віну «удзел у вырабе відэасюжэту для тэлеканала« БелСАТ», які быў прысвечаны парушэнням аховы працы на заводзе «Магілёўдрэў». У гэтым жа самым абвінавацілі і магілёўскага аператара Міхася Аршынскага.

Першы пратакол на Скрэбунову міліцыянт склаў 7 лістапада, пасля чаго загадзя выдаў ёй позву ў суд на 9 лістапада. Аднак суддзя Літвіна пасля таго, як азнаёмілася з пратаколам, не стала праводзіць працэс, а вярнула паперы назад супрацоўніку РАУС на дапрацоўку.

Слаўнікаў дапрацаваў: дадаў слова «незаконны» да фразы «удзел у вырабе прадукцыі СМІ» і выдаў Скрэбуновай яшчэ адну позву ў суд на 20 лістапада.

Паколькі пратакол быў ідэнтычны старому, за выключэннем аднаго слова, суддзя паўторна адправіла яго на дапрацоўку. Перарабіць яшчэ раз міліцыянт ужо не паспеў – скончыліся два месяцы пасля мяркуемага парушэння.

– Пасля вяртання адміністрацыйнай справы ў Ленінскі РАУС у апошні раз, маёр Слаўнікаў да заканчэння тэрміну даўнасці ніякіх працэсуальных дзеянняў не здзяйсняў. Мяркую, тым самым маёр Слаўнікаў прызнаў неабгрунтаванасць і незаконнасць сваіх дзеянняў па ўзбуджэнні адміністрацыйнага працэсу па ч.2 арт.22.9 КоАП, а таксама незаконнасць звязаных з гэтым сваіх дзеянняў па неаднаразоваму вышуку, апытаннях, неаднаразовых затрыманнях і аблогах ў кватэрах, – лічыць Скребунова.

Яна звярнулася са скаргай у абласную ўправу і раённы аддзел унутраных спраў, а таксама ў пракуратуру.

Скрэбунова запатрабавала прыцягнуць Слаўнікава да адміністрацыйнай, дысцыплінарнай і эканамічнай адказнасці за неаднаразовыя некампетэнтныя і незаконныя дзеянні, за відавочную непавагу да суда і неналежнае выкананне сваіх службовых абавязкаў.

Міліцыянт Яўген Слаўнікаў – сапраўдная «граза» магілёўскіх актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў. За апошнія тры гады ён спрабаваў прыцягнуць да адказнасці праваабаронцу Валадара Цурпанава, журналістаў Уладзіміра Лапцэвіча і Аліну Скрэбунову, палітыкаў Алега Аксёнава і Уладзіміра Шанцава, актывістаў Станіслава Паўлінковіча і Алега Мішчанку.