Не спыняецца упартая барацьба міліцыі і судоў, якія да гэтага часу не могуць вырашыць лёс супрацоўніка Ленінскай Адміністрацыі Канстанціна Кісцянёва.

21 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Чальцы кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці за перавышэнне паўнамоцтваў.

5 кастрычніка міліцыя зноў спыніла праверку ў дачыненні да Кісцянёва – ужо ў пяты раз, пачынаючы з траўня.

Уладзімір Лапцэвіч абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе Ленінскага раёна. 20 кастрычніка суддзя Сяргей Мазураў пагадзіўся з довадамі журналістам і вярнуў матэрыялы для новага разгляду.

На думку Лапцэвіча, міліцыя спрабуе адвесці Кісцянёва ад адказнасці:

– Увесь час спыняючы праверкі, Ленінскі РАУС, як мне здаецца, стараецца дацягнуць справу да лютага, калі скончацца ўсе тэрміны для прыцягнення чыноўніка. Прычым міліцыя наўпрост не выконвае пастановы суда, інакш даўно б ужо разабралася ў справе як трэба. У бліжэйшы час я планую адправіць скаргу на райаддзел за невыкананне рашэнняў суда. Паглядзім, чым усёскончыцца,- пракаментаваў сітуацыю Лапцэвіч.