Фрылансерке Аліне Скрэбуновай не ўдалося даведацца, што за мужчына затрымліваў яе ў траўні гэтага года.

17 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Журналістку Аліну Скрэбунову затрымалі раніцай 22 траўня двое невядомых. Абодва былі ў звычайным адзенні. Яны сілай адвялі дзяўчыну да грамадзянскага аўтамабілю, пасля чаго адвезлі ў Ленінскі РАУС г. Магілёва. Там на дзяўчыну склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў незаконным вырабе двух рэпартажаў для тэлеканала БелСАТ. Пасля суд прысудзіў ёй штраф у 50 базавых велічынь (1225 рублёў).

Скрэбунова даведалася імя толькі аднаго выкрадальніка – ім аказаўся старэйшы ўчастковы Руслан Марозаў, які прадставіўся ёй ужо ў РАУС. Імя другога засталося невядомым.

Журналістка падазрае, што ім быў супрацоўнік спецслужбаў. Часткова яе слушнасць пацвярджаецца дакументам з матэрыялаў адміністрацыйнай справы: у іх быў ліст начальніка Шклоўскага міжраённага аддзелу КДБ А.А. Ромскага, які прасіў свайго калегу з міліцыі прыняць «меры прававога рэагавання».

Каб высветліць, хто ж сілаю пасадзіў яе ў аўтамабіль і адвёз у РАУС, Скрэбунова сама звярнулася ў міліцыю.

Намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў паўтарыў ёй, што затрымліваў яе старэйшы ўчастковы Руслан Марозаў. А вось імя другога чалавека ён чамусьці назваць адмовіўся, спаслаўшыся на закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі:

«Інфармацыя аб прыватным жыцці фізічнай асобы і персанальныя дадзеныя адносяцца да інфармацыі, распаўсюджванне і прадастаўленне якой абмежавана. Перадача персанальных дадзеных дазваляецца толькі з пісьмовай згоды фізічнай асобы. Такім чынам, даць вам персанальныя дадзеныя грамадзяніна, які знаходзіўся разам з Марозавым Р.М. пры дастаўленні вас у Ленінскі РАУС не ўяўляецца магчымым», – напісаў у адказе Уладзімір Рыжанкоў.

Скрэбунова лічыць, што такім чынам міліцыя спрабуе схаваць імя супрацоўніка спецслужбаў.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што журналістка можа мець рацыю:

Гэта спроба міліцыі сысці ад адказу. Да чаго ў адказе Уладзіміра Рыжанкова сказана аб фізічнай асобе? Аліна патрабавала пазначыць пасаду, званне і месца працы чалавека, які яе затрымліваў. Не пыталася, дзе ён жыве, хто ў яго жонка і іншае. Патрабаваліся дадзеныя службовай асобы, а не фізічнай, – пракаментаваў сітуацыю Бухель.

Ён звярнуў увагу на тое, што міліцыянт, які затрымліваў Скрэбунову, фактычна парушыў закон «Аб органах унутраных спраў»:

– Супрацоўнік органаў унутраных спраў ва ўсіх выпадках абмежавання правоў і свабод грамадзяніна абавязаны растлумачыць яму падставы для такога абмежавання, а таксама ўзнікаючыя ў сувязі з гэтым ягоныя правы і абавязкі. Гэтага ў выпадку з Алінай не было, – заявіў праваабаронца.