Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» працягваюць змагацца за выкананне санітарных нормаў у турмах, СІЗА і арыштных дамах.
8 красавіка. Магілёў. Саша Мінько
«У рамках гуманізацыі і рэалізацыі мер, накіраваных на паляпшэнне санітарна-гігіенічных умоў утрымання спецкантынгента (так МУС называе асуджаных, – заўв.рэд.) у следчых ізалятарах і турмах, у тым ліку павелічэння доступу дзённага святла ў камеры Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Беларусі планамерна ажыццяўляецца дэмантаж металічных жалюзі з аконных праёмаў камер», – такі адказ змяшчаецца ў лісце міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева магілёўскім праваабаронцам.
Аднак гэта быў адзіны абнадзейваючы абзац ў адказе на зварот у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Месяц таму група праваабаронцаў прасіла растлумачыць, якія санітарныя нормы і правілы дзейнічаюць у месцах утрымання пад вартай – СІЗА і турмах ДВП МУС.
Нагадаем, да гэтага часу ў Беларусі ўжываюцца так званыя металічныя шчыты-жалюзі – гэта палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў, празваныя ў народзе “вейчыкамі”, прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў. З-за іх натуральнае святло ў камеру практычна не трапляе. Праваабаронцы робяць спробы забараніць выкарыстанне такіх інструментаў ціску на арыштаваных.
Таксама пытанне датычылася статусу турэмных камерных блокаў – гэта жылыя альбо грамадскія будынкі? Зварот з даручэннем намесніка Прэм’ер-міністра Юрыя Назарава было накіравана для разгляду ў МУС і Міністэрства аховы здароўя.
НЕЧАКАНЫЯ ПРАБЛЕМЫ
Як аказалася, памяшканні папраўчых устаноў, арыштных дамоў, месцаў утрымання пад вартай і іншыя падобныя памяшканні ў склад жыллёвага фонду не ўключаюцца (пра гэта кажа п.7 артыкула 10 Жыллёвага кодэкса). А ў адпаведнасці з адзінай класіфікацыяй прызначэння аб’ектаў нерухомай маёмасці будынкі следчых ізалятараў і турмаў з’яўляюцца спецыялізаванымі.
Такім чынам, камеры месцаў утрымання пад вартай не адносяцца ні да жылых, ні да грамадскіх будынкаў. Таму нарміруемыя значэнні асветленасці ў адпаведнасці з Санітарнымі правіламі на іх не распаўсюджваюцца.
Адзін з аўтараў звароту ў Савет Міністраў Аляксандр Буракоў адзначае, што пазіцыя міністра МУС усяляе надзею і дэманструе адэкватнасць кіраўніцтва гэтага ведамства, але агульным вынікам праваабаронцы не задаволеныя:
– Зразумела, што МУС працуе ў рамках прававых актаў, якія ў дадзеным выпадку змяніць не можа, бо сцвярджае Санітарныя нормы і правілы толькі Міністэрства аховы здароўя – гэта выразна прапісана ў Палажэнні аб Міністэрстве аховы здароўя.
Але Міністэрства аховы здароўя пасуе перад МУС. Мы прасілі ў выпадку адсутнасці прапісаных санітарных норм увесці іх, але Галоўны санітарны ўрач краіны Наталля Жукава бяздзейнічае. Яна, як капіравальны апарат, толькі перапісвае тэксты міліцыянтаў.
Цешыць, што Юры Караеў піша аб гуманізацыі пенітэнцыярнай сістэмы. Але што будзе, калі міністр зменіцца? Наша задача ўсё ж на заканадаўчым узроўні замацаваць нормы, якія абараняюць правы чалавека, які знаходзіцца ў зняволенні. Гэтага мы і будзем дамагацца.
Акрамя таго, дадае праваабаронца, МУС кожны раз, даючы адказ, выяўляе новыя праблемы. Ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы (КВС), гаворыцца ў лісце міністра, арганізуецца і праводзіцца комплекс санітарна-эпідэміялагічных і іншых мерапрыемстваў у адпаведнасці з пастановай МУС і Міністэрства аховы здароўя “Аб зацвярджэнні Інструкцыі па медыцынскім забеспячэнні асоб, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах КВС“.
Але ў гэтым дакуменце ёсць пункт 41, які абвяшчае, што забеспячэнне бяспечных умоў працы на прадпрыемствах устаноў КВС ускладаецца на начальніка ўстановы…, які ажыццяўляе кантроль за адпаведнасцю нарматывам санітарна-гігіенічнага стану паветранага асяроддзя, асветленасці, ўзроўню шуму і вібрацыі …
Узнікае пытанне, пра якія нарматывы санітарна-гігіенічнага стану паветранага асяроддзя і галоўнае – асветленасці, ідзе гаворка? Бо перад гэтым кіраўнік МУС піша, што Санітарныя нормы і правілы для жылых і грамадскіх будынкаў на установы пенітэцыярнай сістэмы не распаўсюджваюцца.
ГОД ПЕРАПІСЦЫ
Нагадаем, з мая мінулага года праваабаронцы вядуць перапіску з кіраўніцтвам розных устаноў сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП), Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, БелДІСС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, органаў пракуратуры розных узроўняў з нагоды невыканання ў следчых ізалятарах і турмах Рэспублікі Беларусь санітарна-гігіенічных нормаў пры ўтрыманні асоб, узятых пад варту, як мінімум па крытэры забеспячэння доступам да дзённага святла.
Мы звярнуліся па каментар да юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Паўла Сапелкі, як ён ацэньвае адказ міністра ўнутраных спраў:
«МУС па-ранейшаму дэманструе неразуменне сутнасці зваротаў праваабаронцаў. Ідэя зваротаў, наогул, грунтавалася на праве вязьняў турмаў і СІЗА на дзённае святло, і ў прынцыпе няважна, як будзе дасягнута гэтая мэта.
За мінулыя месяцы МУС, суды і Міністэрства аховы здароўя мелі поспех у адфутбольванні і забалбатванні праблемы, што не справядліва. Безумоўна, патрэбен санітарны нарматыў, які ўлічыць той факт, што камера для зняволенага – гэта месца, дзе ён праводзіць практычна круглыя суткі, і нормы асветленасці гэтага месцы павінны быць прыкладна тыя ж, што і ў жылых памяшканнях.
У камеры зняволены можа не толькі спаць і марыць пра волю, але і працаваць, чытаць, прымаць ежу, займацца спортам і г.д. Таму нормы і стандарты, якія абараняюць здароўе чалавека, павінны быць з той жа мэтай устаноўлены і прымяняцца для турмаў.
Прыбраць «вейчыкі» – гэта добра, але ці будзе новая канструкцыя, якая заменіць жалюзі, адказваць інтарэсам захавання здароўя зняволеных?».
Нагадаем, месяц таму праваабаронцы «Магілёўскай вясны» распачалі спробу падаць у суд скаргу на МУС. Аднак суддзя суда Маскоўскага раёна горада Мінска (па месцы знаходжанню адказчыка) Паліна Антыпчук скаргу па сутнасці разглядаць адмовілася – абгрунтавала гэтае рашэнне нібыта «непадведамаснасцю». Зварот у суд вышэйшай інстанцыі выніку таксама ня даў:Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» працягваюць змагацца за выкананне санітарных нормаў у турмах, СІЗА і арыштных дамах.