Гамбіт Жупікавай. Мінскія суды адмовіліся нават разбірацца з “вейчыкамі” у СІЗА

Скарга праваабаронцаў «Магілёўскай вясны» ў Мінскім гарадскім судзе засталася без задавальнення. Фактычна судовая сістэма адмовілася разбірацца з парушэннем санітарных нормаў у следчых ізалятарах.


20 сакавіка. Менск. Ігар Лазоўскі


Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын, Аляксандр Буракоў і Саша Райкон 19 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе абскардзілі адмову суда Маскоўскага раёна Мінска прымаць іх зварот з нагоды санітарных нормаў у беларускіх СІЗА.

Раней яны запатрабавалі ад МУС зрэзаць з вокнаў следчых ізалятараў і турмаў металічныя жалюзі (так званыя «вейчыкі»), якія перашкаджаюць трапленню ў камеры сонечнага святла, і замяніць іх на звычайныя краты.

Адказ ад імя МУС даў праваабаронцам начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу (ДФиТ) МУС Віктар Дубавец. У ім міліцэйскі чыноўнік паведаміў, што ў будучым пры правядзенні рамонтных прац будзе рэалізавана норма па выкарыстанні «іншых альтэрнатыўных інжынерных загарод, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне». Такім чынам, ведамства адмовілася вырашаць праблему прама зараз.

Пазіцыю МУС праваабаронцы абскардзілі ў суд Маскоўскага раёна Мінска (па месцы знаходжанню адказчыка). Там іх скаргу па сутнасці разглядаць адмовіліся – суддзя Паліна Антыпчук абгрунтавала гэта рашэнне нібыта “непадведамаснасцю”.

Адказ Антыпчук прывёў праваабаронцаў з «Магілёўскай вясны» ў вышэйшую інстанцыю – Мінскі гарадскі суд.

На пасяджэнні 19 сакавіка Колчын, Буракоў і Райкан запатрабавалі адмяніць рашэнне суда Маскоўскага раёна і накіраваць іх скаргу аб “вейчыках” у СІЗА на новы разгляд.

У ходзе выступлення праваабаронцы хадайнічалі аб вядзенні фота і відэаздымкі працэсу, але суддзя Натальля Жупікава ім у гэтым адмовіла. Яна таксама адмовілася прымацоўваць ў матэрыялы справы выступ Буракова.

У ім праваабаронца заявіў, што заканадаўства Рэспублікі Беларусь робіць зняволеных у СІЗА шмат у чым бяспраўнымі:

– У СІЗА ўтрымліваюцца людзі, чыя віна ў здзяйсненні злачынства яшчэ не даказаная судом. І яны вымушаныя трываць адсутнасць дастатковай колькасці натуральнага святла проста таму, што дзяржава не вызначыла статус памяшканняў, дзе знаходзяцца гэтыя людзі, – адзначыў Буракоў.

Ён таксама распавёў пра ліст галоўнага санітарнага лекара МУС Аляксандра Казлова, у якім міліцэйскі чыноўнік пазначыў, што СІЗА не адносіцца ні да жылых, ні да грамадскіх памяшканняў, з-за чаго нормы па натуральным асвятленні не распаўсюджваюцца на камеры следчых ізалятараў і турмаў.

Яго выступ падтрымаў праваабаронца Саша Райкан:

Мы дапамагаем дзяржаве звярнуць увагу на вялікую колькасць людзей, якім рэальна замінаюць «вейчыкі» і якія нічога не могуць зрабіць, таму што ў нарматыўных актах няма дакладных фармулёвак. Аднак замест таго, каб прыняць нашу дапамогу сабе ж, наша дзяржава адмаўляецца нават разглядаць нашы звароты ў суд. Атрымліваецца, што яно заахвочвае бяспраўе.

Суддзя Наталля Жупікава, нягледзячы на ​​ўсе довады, адмовілася адмяняць вызначэнне суда Маскоўскага раёна. На вынясенне рашэння ёй спатрэбілася менш за 10 хвілін.