Падобна на тое, што хтосьці спалохаўся расійскага ўплыву.

28 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскі гарвыканкам 27 красавіка абвясціў аб правядзенні ў Дзень Перамогі ў горадзе акцыі «Несмяротны полк». Прадпрыемствам, арганізацыям і грамадзянам прапанавалі ў памяць аб франтавіках вырабіць транспаранты з іх фотаздымкамі і прайсці калонай падчас параду 9 траўня.

Навіну апублікавалі ўсе дзяржаўныя парталы – ІА «Магілёўскія ведамасці», сайты аблвыканкама і гарвыканкама, прычым хтосьці выкарыстаў словазлучэнне «Несмяротны полк», хтосьці – «Полк памяці».

Аднак 28 красавіка з паштовага адрасу гарадскога аддзела ідэалогіі прыйшло паведамленне, у якім галоўны ідэолаг Магілёва Ала Галушка папрасіла тэрмінова змяніць назву акцыі на «Беларусь памятае».

Скрыншоты сайта Магілёўскага аблвыканкама

Хуткая замена, мяркуючы па ўсім, звязаная з жаданнем мясцовых чыноўнікаў ахавацца ад паралеляў з акцыяй «Несмяротны полк», якая пачалася праводзіцца ў Расіі ў 2011 годзе, а ў 2015-м, падчас актыўных баявых дзеянняў ва Украіне, стала праводзіцца на федэральным узроўні. У гэты ж час расійскія СМІ сталі выкарыстоўваць «Несмяротны полк» як адзін з інструментаў прапаганды «рускага свету».

Пра гэта, напрыклад, у сакавіку 2018 года адкрыта заявіў на форуме «Разам з Расіяй» сустаршыня руху «Несмяротны полк Расеі», дэпутат Дзярждумы Мікалай Зямцоў:

Сапраўды, Несмяротны полк пачаўся як частка рускага свету, частка Расіі.

Мабыць, беларускім уладам такая трактоўка не вельмі падабаецца.