Суддзя Аксана Куляшова палічыла лагічнай забарону пікета ў падтрымку Алега Сянцова.

25 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У судзе Ленінскага раёна 23 лістапада адбыўся працэс па скарзе мясцовых праваабаронцаў Аляксея Колчына і Аляксандра Буракова. Яны збіраліся правесці ў цэнтры Магілёва акцыю салідарнасці з украінскім палітвязнем, рэжысёрам Алегам Сянцовым у дзень прыезду прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Колчын і Буракоў падалі заяўку ў гарвыканкам на 12 кастрычніка, абраўшы ў якасці пляцоўкі тэрыторыю побач з дыягнастычным цэнтрам.

Чыноўнікі адмовілі магілёўцам, спаслаўшыся на мясцовае рашэнне аб масавых мерапрыемствах. Згодна з ім, адзіным месцам, дзе грамадзяне могуць ладзіць мірныя сходы, з’яўляецца стадыён па вул. Чалюскінцаў.

На судзе праваабаронца Барыс Бухель, які выступіў як прадстаўнік Колчына і Буракова, адзначыў, што Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і абавязалася выконваць яго артыкулы. Згодна з імі, права на свабоду мірных сходаў не можа абмежоўвацца ў мірны і спакойны час.

 Таксама ён звярнуў увагу суддзі Куляшовай на тое, што міжнародныя органы, у тым ліку Камітэт па правах чалавека ААН і БДІПЧ АБСЕ, раскрытыкавалі беларускае заканадаўства ў сферы масавых мерапрыемстваў.

– Довады пра тое, што свабода масавых сходаў рэгулюецца законам «Аб масавых мерапрыемствах» і рашэннем гарвыканкама, нядзейсныя. Калі закон супярэчыць Канстытуцыі і Пакту, які з’яўляецца асновай для нарматыўна-прававых актаў, то гэта «незаконны закон», – выказаў сваё меркаванне Бухель.

Прадстаўнікі гарвыканкама Наталля Жукава і Таццяна Дараганова заявілі, што адсылкі да рашэнняў міжнародных органаў да справы не адносяцца, аднак суддзя Куляшова запярэчыла ім, папрасіўшы пракаментаваць словы Бухеля. Чыноўніцы заявілі, што гарвыканкам кіруецца ў першую чаргу ўласнымі рашэннямі.

Аляксандр Буракоў, у сваю чаргу, звярнуў увагу суддзі на тое, што падчас выбарчых кампаній у Магілёве вызначаюць дзясяткі месцаў для пікетаў і мітынгаў, у тым ліку ў цэнтры горада і спальных раёнах:

– Як бачым, пікеты і мітынгі падчас выбараў не прыводзяць да нейкіх праблемаў. Чыноўнікі штучна пазбаўляюць магілёўцаў права на мірныя сходы, даючы падчас выбараў значна больш магчымасцяў для масавых мерапрыемстваў і абсякаючы іх пасля кампаніяў, – распавёў Буракоў.

Суддзю гэта не ўразіла – Аксана Куляшова адмовілася прызнаваць слушнасць Колчына і Буракова, прызнаўшы абгрунтаванай адмову на пікет салідарнасці з Сянцовым.

Довады аб тым, што мясцовыя ўлады фактычна ігнаруюць міжнароднае заканадаўства і Канстытуцыю, суддзя Куляшова назвала ў сваім рашэнні «надуманымі».