Фашызм не памёр – барацьба з ім яшчэ не скончана, лічаць арганізатары семінара HUMAN INTEGRITY, які адбыўся ў Магілёве 24 лютага.


Актывісты ініцыятывы «Праўныя дарэктары» Валдзіс Фугаш і Лера Далевіч правялі двухгадзінны семінар, на якім абмеркавалі з тымі, хто прыйшоў, праблемы сучаснага фашызму, праяваў таталітарызму і адсутнасці талерантнасці ў грамадстве.

– Ёсць такое меркаванне, што фашызм спыніў існаванне 70 гадоў таму, ледзь не адразу пасля таго, як над рэйхстагам ўсталявалі сцяг СССР. Аднак гэта міф. І на прыкладзе суседніх дзяржаў, і на прыкладзе краін Еўропы мы бачым, што ўльтраправыя настроі паступова набіраюць папулярнасць. Мы разглядаем фашызм ня як палітычны кірунак, а, хутчэй, як сацыяльна-культурную з’яву, якая прысутнічае ў грамадстве. На аснове гэтага потым і ўзнікае надбудова ў выглядзе фашызму палітычнага, аснова для таталітарызму і нецярпімасці. Нашы семінары накіраваны на супрацьдзеянне гэтаму, – сказаў падчас семінара Валдзіс Фугаш.

Гуманітарны антыфашызм, або яго больш дакладная ангельская назва Human Integrity – гэта канцэпцыя, якая разглядае паняцці сучаснага фашызму і фашызоідных тэндэнцый, расізму, таталітарных практык, а таксама спосабы супрацьстаяння ім і працы са сваім унутраным фашыстам.

– Унутраны фашыст ёсць у кожным, задача чалавека атрымаць над ім верх. Пры дапамозе такіх вось семінараў мы разбіраемся, адкуль ён бярэцца ўнутры і як можна яго кантраляваць, – распавёў Валдзіс Фугаш.

У сваёй працы “Праўныя дарэктары” выкарыстоўваюць, у асноўным, інтэрактыўныя метады, каб кожны чалавек так ці інакш ўзаемадзейнічаў з іншымі ўдзельнікамі – так прасцей зразумець складаную і неадназначную тэму, да таго ж гэта спрыяе фармаванню агульнага духа, добрай атмасферы, патлумачыў Валдзіс.

На семінар прыйшло крыху больш за 20 чалавек, у асноўным – студэнты.

Мне падабаецца, што робяць Валдзіс з Лерай, хоть гэта і даволі спорная тэма. Такія сустрэчы дэманструюць, што ў Магілёве ёсць купка людзей, якім неабыякава тое, што адбываецца навокал. З гэтага, аднак, вынікае пытанне, чаму такіх ініцыятываў няма ў Магілёве, бо той жа Валдзіс, наколькі я ведаю, прыязджае з Менску, – зазначыў адзін з удзельнікаў семінара Алесь.