Пагаварылі з Яраславам Грыгор’евым, старшынёй Моладзевага парламента Магілёва і адначасова самым маладым кандыдатам, які балатуецца ў гарадскі Савет дэпутатаў.

22 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Усе здымкі – акаўнт Яраслава “Укантакце”.


У гэтым годзе яму толькі стукне дваццаць, але ён ужо хоча быць нароўні з дасведчанымі палітыкамі. Яраслаў Грыгор’еў  студэнт магілёўскага філіяла Беларускага інстытута правазнаўства. Праз дзесяць гадоў ён бачыць сябе адвакатам, а прама тут і цяпер хоча выйграць выбарчую гонку ў людзей, якія мінімум у два разы старэйшыя за яго. Самы малады кандыдат у дэпутаты гарсавета распавёў нам, ці сумленна праходзяць выбары, навошта ён на іх ідзе і што зробіць у першую чаргу, калі яго абяруць.

 Раскажыце крыху пра сябе. Чым вы захапляецеся, чым натхняецеся і што для вас галоўнае ў жыцці?

– Перш за ўсё, я вельмі люблю гісторыю, асабліва Усходняй Еўропы. Менавіта гістарычныя падзеі, вялікія ўчынкі вялікіх людзей для мяне асноўная матывацыя і крыніца натхнення. Пішу вершы, займаюся спортам, на дадзены момант – вольнай барацьбой, ёсць спартовыя разрады. Я б сказаў, што для мяне ў жыцці самае важнае – гэта быць патрэбным і карысным.

 Калі я не памыляюся, вы з’яўляецеся намеснікам старшыні Моладзевага парламента Магілёва. Цяпер вы ідзеце ў дэпутаты. Гэта ўласнае рашэнне або нехта пераканаў?

– Не так даўно я быў абраны старшынёй, але так, да яго маю непасрэднае дачыненне. Калі казаць шчыра, то нельга сказаць што я б прыйшоў да гэтага самастойна на дадзены момант. Безумоўна, я першапачаткова хацеў прыняць удзел, але палохала зноў жа ўласная маладосць, не верылася, што могуць у нас маладых людзей ўспрымаць досыць сур’ёзна, працэдура таксама здавалася складанай і малазразумелай. Аднак калі я падзяліўся сваімі сумненнямі з іншымі людзьмі, некаторыя з якіх на той момант былі дзеючымі дэпутатамі і курыравалі Моладзевы парламент, тыя ў адказ зарадзілі мяне аптымізмам, распавялі, што баяцца там няма чаго і патлумачылі чаму.

 Фактычна ўдзелам у выбарах вы прадставілі сябе, як палітыка. А якой палітычнай ідэалогіі вы прытрымліваецеся?

– Не люблю заганяць сябе ў падобныя рамкі, але калі ўказваць, да якіх ідэялогій я больш за ўсё цягнуся, то назаву сацыял-дэмакратыю ў сацыяльнай сферы. Яе прынцыпы, якія тычацца правоў чалавека, вяршэнства закона, вельмі дарэчы пераклікаюцца з маёй будучай юрыдычнай спецыяльнасцю. Але вось у культурнай сферы я б назваў сябе кансерватарам, таму што самабытнасць і унікальнасць нашага народа для мяне значыць вельмі шмат, і я не лічу, што тэхналагічны прагрэс і сусветная глабалізацыя павінны прымусіць нас адставіць яе на другі план.

 Навошта вы ўдзельнічаеце ў выбарах?

– У першую чаргу мне хочацца зрабіць нешта рэальнае, а перамога на выбарах дасць вялікія магчымасці для гэтага. Банальна – калі зараз я прыйду ў ЖЭУ і пачну патрабаваць, каб на вуліцы Залуцкага, напрыклад, памянялі сістэму асвятлення ў пад’ездах, няхай нават і з аргументацыяй, да мяне, маладога хлопца, добра калі наогул прыслухаюцца. А ўявіце сітуацыю, калі пра гэта ж іх просіць дэпутат гарадскога Савета. Тут ужо хочаш – не хочаш, як той казаў. Ды й паказаць людзям, што выбары – гэта рэальны інструмент. Мне давялося пабываць на трэнінгах і моладзевых абменах за мяжой, убачыць, на якім узроўні там знаходзіцца самакіраванне, і я не ўбачыў прычын, чаму мы не можам так жа. Але ў нас народ сцвярджае, што пасля выбараў нічога не мяняецца, і адмаўляецца на іх ісці, тым самым адмаўляючыся ўплываць на сітуацыю, якая склалася ў прынцыпе. Я б хацеў даць ім магчымасць убачыць, што вельмі мяняецца, каб людзі паверылі і пайшлі выбіраць, вылучацца і ўсё ў гэтым духу.

 Многія актывісты, праваабаронцы, палітыкі, ды і грамадзяне не вераць у сумленнасць выбараў. Вы верыце?

 Калі пад сумленнасцю мець на ўвазе незалежнасць іх правядзення, неўмяшанне дзяржавы, то, думаю, трэба быць вельмі наіўным чалавекам, каб паверыць у такую сумленнасць. І гэта не папрок ці крытыка, я мяркую, што некаторы ўплыў на выбары ўлады аказваюць у любой дзяржаве. Мне здаецца, гэта натуральны працэс, так як ім трэба абараняць свае інтарэсы на розных узроўнях. Розніца, вядома, прысутнічае ў ступені гэтага ўплыву, але я, магчыма па наіўнасці сваёй, не веру, што ў нас у горадзе ці ў краіне ўсе пераможцы ўжо размеркаваны і ўсе галасы падлічаны. Мне здаецца, што людзі не змаглі б доўга пра гэта маўчаць.

 18 лютага вас абіраюць дэпутатам. Ваш першы крок або першая прапанова на гэтай пасадзе?

– У першую чаргу я б пайшоў да людзей у сваёй акрузе, каб яны ведалі, што ў іх ёсць памочнік, да якога яны могуць звярнуцца, але натуральна, абыйсці такую вялізную колькасць людзей, мякка кажучы, цяжка. Таму ў маіх планах ініцыяваць арганізацыю мясцовага самакіравання на іншых узроўнях, пагаварыць з жыхарамі, з дапамогай іх адшукаць неабыякавых і актыўных грамадзян. Ім, у сваю чаргу, прапанаваць стварэнне вулічных і квартальных камітэтаў. У выпадку поспеху,гэта б прыкметна спрасціла далейшую працу і павысіла яе эфектыўнасць, так як у маім уяўленні я ў першую чаргу павінен з’яўляцца правадніком і абаронцам інтарэсаў абраўшых мяне людзей, натуральна з магчымасцю параіць ім што-небудзь ці выказаць сваё бачанне сітуацыі.

 Як вы ўвогуле ацэніце ступень уплыву гарадскога Савета дэпутатаў на жыццё горада? Вы ж, напэўна, сутыкаліся з меркаваннем, што гэтая структура фактычна нічога не вырашае.

– Сутыкаўся, на жаль, не раз, калі збіраў подпісы за сваё вылучэнне. Амаль пастаянна выслухоўваў меркаванне людзей пра гэта. У асноўным жыхары адклікаліся або негатыўна, або расчаравана. Таму і ступень уплыву, і ступень выканання сваіх асноўных задач я таксама не магу ацэньваць інакш, як недастатковыя. Быць можа, яны вельмі шмат робяць, а мы проста пра гэта не ведаем, але я кажу, грунтуючыся на сваім досведзе і на думцы людзей, з якімі за апошні час пра гэта ўдалося звышдастаткова пагаварыць.

 Вы ідзеце па Бароўскай выбарчай акрузе №24. Вашы супернікі – настаўнік гісторыі Леанід Шакура, галоўны інжынер будаўнічага прадпрыемства Уладзімір Масанскі і дырэктар “Спектр-дыягност” Дзмітрый Маршын. Каго з іх вы лічыце сваім галоўным канкурэнтам?

– Леаніда Мікалаевіча Шакуру. На маю думку, менавіта прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя карыстаюцца даверам у выбаршчыкаў.

 Якія рэчы, якія адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці горада і краіны, вам падабаюцца, а якія не?

– Я цалкам падтрымліваю новы ўзровень моладзевага самакіравання ў выглядзе моладзевага парламента і ў нас горадзе, і ў рамках рэспублікі. У гісторыі, часам,адсутнасць магчымасці накіраваць свае амбіцыі ў маладых людзей прыводзіла да вельмі неадназначных наступстваў. Да таго ж гэта выдатная школа падрыхтоўкі кадраў і сацыяльны ліфт. Не зусім мне зразумела і я не магу сказаць, што ўхваляю сённяшні ўхіл у горадзе на развіццё цэнтра і Ленінскага раёна, які ігнаруе ў многіх аспектах раён Кастрычніцкі. Каларыт паміж гэтымі раёнамі, і без гэтага адметны, становіцца ўсё мацней. Хацелася б, каб паляпшэнне ішло раўнамерна, але,магчыма, нам проста варта дачакацца сваёй чаргі. Выкажу таксама меркаванне моладзі наконт БРСМ – людзей адштурхвае ад арганізацыі сённяшняя палітыка добраахвотна-прымусовага ўступлення. Я сам сакратар першаснай арганізацыі ў інстытуце і часта даводзіцца выслухоўваць ад студэнтаў, што мяккі прымус у выглядзе абяцанняў лепшай характарыстыкі, ільготнага атрымання інтэрнатаў і многае іншае мае аддаленае стаўленне да добраахвотных пачаткаў арганізацыі. Гэта добразычлівая крытыка да грамадскага інстытуту, які нясе ў сабе велізарны патэнцыял. Хацелася б, каб зацікаўленасць выклікалі некалькі іншым шляхам.

 Калі вы станеце дэпутатам, што вы павінны зрабіць такога, каб сказаць сабе: я выдатна папрацаваў?

– Калі я даб’юся функцыянавання мясцовых камітэтаў і кааператываў у сваёй акрузе на належным узроўні, калі яны незалежна змогуць разам вызначаць асноўныя праблемы і прапаноўваць іх рашэнне. Калі людзі пасля ўсяго гэтага скажуць мне “дзякуй, ты сапраўды нам дапамог», у гэтым выпадку я змагу сказаць сабе падобнае, з агаворкай што можна было б зрабіць больш.

 Хто з палітыкаў мінулага і сучаснасці з’яўляецца для вас прыкладам?

– З мінулага назаву Аляксандра Васільевіча Калчака, які стаў прыкладам, хутчэй, не як палітык, а як узор чалавека, адданага сваёй справе да самай смерці, прафесійнай і інтэлігентнай асобы. З сучасных не магу сказаць, каб хоць нехта стаў бы для мяне прыкладам.

 Самому старому кандыдату, які балатуюцца ў гарадскі Савет, 68 гадоў, гэта Зінаіда Пянькова. Сярэдні ўзрост кандыдатаў – каля 40 гадоў. Наколькі лёгка дваццаці гадоваму хлопцу праяўляць свае палітычныя амбіцыі ў такім дарослым асяроддзі?

– Няпроста маральна, усюды чытаецца іранічнае стаўленне па тыпу “ён жа яшчэ жыцця не бачыў, якая яму палітыка”. З другога боку , мне лягчэй, таму што многія імкнуцца дапамагчы, падказаць, даць параду нейкую, да памылак і недахопаў ставіцца паблажліва, чым калі б я быў старэй.

 Кім бачыць сябе Яраслаў Грыгор’еў праз дзесяць гадоў?

– Спадзяюся рэалізаваць сябе ў прафесійнай сферы сябе. Праца адваката заўсёды прыцягвала. Магчымаць абараняць сваю сям’ю, дапамагаць людзям у юрыдычных пытаннях. Ды і на палітычнай і грамадскай ніве таксама не раз яшчэ сябе паспрабую. Калі я буду бачыць, што мая праца дае станоўчы эфект, то, хутчэй за ўсё, паспрабую сябе ў галіне дзяржаўнай службы. У цэлым, загадваць зараз вельмі цяжка, самае галоўнае, каб праз дзесяць гадоў я не расцёр сённяшнія свае прынцыпы, не падвёў свой пункт гледжання пад пункт гледжання большасці. Так кажучы, не стаў усяго толькі яшчэ адной шрубкай у механізме. Гэта для мяне мае першараднае значэнне.