Прадстаўнікі ініцыятывы выказалі некалькі крытычных заўваг.

Нагадаем, што 11 студзеня супрацоўнікі БелНДІП-Горадабудавання пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара Ларысы Смірновай прэзентавалі грамадскасці магчымы план забудовы і развіцця цэнтра Магілёва. З гэтага часу неабыякавыя магілёўцы маглі далучыцца да грамадскіх слуханняў і дасылаць свае прапановы ва ўпраўленне архітэктуры і градабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама.

Гэтай магчымасцю скарысталіся прадстаўнікі “Грамадскага магістрата”, якія вылучылі адразу шэраг прапаноў і заўваг.

Па-першае, удзельнікі абмеркавання папрасілі прадугледзіць магчымасць пазначэння на мясцовасці ці частковага аднаўлення сцен Магілёўскага замка. Па-другое, яны прапанавалі аформіць гандлёва-забаўляльны цэнтр, які з’явіцца замест хлебазавода, у гістарычным стылі: заходні фасад ў класічным, а ўсходні –  ў стылі будынкаў ХІХ – пач. ХХ стст. па вуліцы Ленінскай.

Найбольшае непрыманне ў “Грамадскага магістрата” выклікала шматпавярховая забудова ў раёне Дубравенкі і фестывальная пляцоўка, якая павінна была з’явіцца ў цэнтры Падмікольскага парка.

Як адзначаюць удзельнікі абмеркавання ў сваім лісце да ўпраўлення архітэктуры і градабудаўніцтва гарвыканкама, “забудова вуліц Левая і Правая Дубравенка вымагае вялікіх немэтазгодных фінансавых выдаткаў, перасялення тысяч сямей або выплаты ім кампенсацый, а таксама стварае тунельную зону з высокіх будынкаў, што карэнным чынам пагаршае традыцыйную зону адпачынку магілёўцаў”.

Акрамя гэтага, як негатыўны фактар чальцы “магістрата” адзначылі адсутнасць месцаў для паркоўцы аўтамабіляў каля новых шматпавярховых жылых будынкаў.

Таксама, “Грамадскі магістрат” выступіў катэгарычна супраць размяшчэння ў парку Падміколле фэстывальнай пляцоўцы:

« [размяшчэнне пляцоўкі] цалкам робіць немажлівымі планы рэгенерацыі раёна, аднаўлення або пазначэння на мясцовасці з дапамогай алей ранейшай вулічнай забудовы, разрывае прынцып непарыўнасці тэрыторыі гістарычнай забудовы ніжняга яруса верхняга горада і ламае вось Пакроўская царква – Св. Мікольскі сабор, якая з’яўлялася дамінатнай для гэтага раёна”.

Канешне, адной з асноўных прычынаў названа і рэлігійная – маўляў, фестывальная пляцоўка “будзе замінаць вернікам і манахам пры адпраўленні рэлігійных абрадаў”.

Замест прапанаванага планам, “магістратаўцы” выступілі за перанос пляцоўкі ў раён паркавай зоны каля маста Шмідта і “ГЦ Е-Сіці”.

Усе заўвагі і прапановы дасланыя ва упраўленне архітэктуры і градабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама.

фота – Зміцер Корх, radzima.org