Пра гэта заявіў сам палітык.

24 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Віталь Рымашэўскі 23 жніўня ўдзельнічаў у запісе тэледэбатаў ў студыі ТРК «Магілёў» як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Таццяны Шамбалавай, якая балатуецца па Крычаўскай выбарчай акрузе №83.

Як распавёў нам лідэр БХД, падчас запісу вядучы Андрэй Скарабагатаў, галоўны рэдактар тэлебачання ТРК «Магілёў», адкрыта перашкаджаў яму.

– Ён перакрыкваў мяне, перабіваў, казаў паралельна са мной. Пры гэтым таймер, які адлічваў час, адведзены мне для выступу, не спыняўся. Вядучы груба парушыў выбарчае заканадаўства, маральныя прынцыпы. Згодна з рэгламентам, кожнаму з дэбатуючых адводзіцца па 5 хвілін на сваю прамову. Вядучаму даецца яго пяць хвілін асобна. З-за дзеянняў Скарабагатава у мяне не было магчымасці выкарыстаць мой час цалкам, – паведаміў Віталь Рымашэўскі.

Ён і Таццяна Шамбалава ўжо накіравалі адпаведную скаргу ў акруговую, абласную і Цэнтральную выбарчыя камісіі. Таксама копію скаргі павінны атрымаць члены місіі па назіранню за выбарамі БДІПЧ АБСЕ.

У ёй Рымашэўскі і Шамбалава пазначылі, што накладанне рэплік Скарабагатава на прамову лідэра хрысціянскіх дэмакратаў не дазволіць тэлегледачам пачуць і ў поўным аб’ёме зразумець увесь выступ палітыка. Такім чынам, гэтыя фрагменты нельга лічыць часам выступу даверанай асобы кандыдата.

Пры гэтым суперніка Рымашэўскага на дэбатах, кандыдата Таццяну Марачкову, якая падтрымлівае існуючы рэжым, Скарабагатаў не перабіваў зусім. На думку лідэра БХД, гэта сведчыць аб дыскрымінацыі па палітычных матывах.

Шамбалава і Рымашэўскі запатрабавалі ў выбаркамаў перазапісаць эфір з выкарыстаннем поўнага часу – усіх 5 хвілін, а таксама даць прававую ацэнку дзеянням Андрэя Скарабагатава.