Магілёўцы пры дапамозе інтэрактыўнай гульні спрабавалі вырашыць цяжкія жыццёвыя сітуацыі. 

5 снежня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


5 снежня каманда mspring.online адкрыла Тыдзень правоў чалавека ў Магілёве форум-тэатрам у грамадскім цэнтры «Кола». Паўдзельнічаць прыйшлі 13 чалавек.

Як адзначыла адна з вядучых Вераніка Цэдрык, мерапрыемствы такога фармату не праводзіліся ў Маглёве ўжо даўно, хоць гэта дзейсны спосаб навучыцца вырашаць пытанні, якія паўстаюць перад чалавекам:

– Форум-тэатр дазваляе прайграць і вырашыць сацыяльныя, праваабарончыя і іншыя праблемы са сферы чалавечых узаемаадносін.  Людзі ператвараюцца ў акцёраў, якім трэба за кароткі час разыграць сцэнку і прапанаваць некалькі варыянтаў вырашэння тых складанасцяў, якія паўсталі перад імі.

Вераніка Цэдрык

Удзельнікі падзяліліся на дзве каманды. Першая пад мадэратарствам Веранікі Цэдрык прадставіла жыццёвую сітуацыю, у якую можа патрапіць дзіця, бацьку якога прысудзілі да смяротнага пакарання.

– На жаль, настаўнікі, аднакласнікі, дырэктары і нават проста людзі вакол часта забываюць, што дзеці не адказваюць за ўчынкі сваіх бацькоў. Мы паспрабавалі кароткі час пражыць жыццём гэтага дзіцяці. Разам мы прыйшлі да высновы, што дзецям у такой сітуацыю ў нашай краіне будзе складана, – заявіла Цэдрык.

Другі мадэратар Дзмітрый Толсцік разам са сваёй групай разыгралі сцэнку, у якой маладая маці становіцца аб’ектам дамаганняў з боку начальства на працы і ў яе няма відавочных адказаў, як можна вырашыць сітуацыю.

Дзмітрый Толсцік

– Працаваць з хлопцам і дзяўчатаміі, якія прыйшлі сёння на «Колу», было лёгка і прыемна. Бачна, што іх рэальна турбуе сацыяльная праблематыка і правы чалавека. Разыгрываць нейкія бытавыя сцэны, як у нас, няпроста. Але затое гэта вельмі блізка да таго, з чым сутыкаюцца многія, – распавёў Тоўсцік.

Форум-тэатр доўжыўся больш за тры гадзіны. Наступным мерапрыемствам Тыдня правоў чалавека ў Магілёве будзе кінапрагляд фільма «1984» з абмеркаваннем ў чацвер, 7 снежня а 18:30.