Назіральнікі хацелі б паглядзець, як будзе праходзіць праверка подпісаў, але да гэтага працэсу іх не дапусцілі.

3 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


1 жніўня быў апошнім днём, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маглі здаць подпісы выбаршчыкаў, якія тыя пакінулі ў падтрымку іх вылучэння. У Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 у выбаркам паступілі падпісныя лісты ад трох ініцыятыўных груп, у Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 – ад шасці.

2 і 3 жніўня адбыліся паседжанні гэтых акруговых выбаркамаў, падчас якіх былі вызначаныя парадак праверкі подпісаў і сябры камісіі, якія будуць адказваць за гэты працэс.

Падчас паседжання АВК №85 высветлілася, што ініцыятыўная група «фаварыта» выбарчай гонкі, галоўнага лекара магілёўскай цэнтральнай паліклінікі №1 Аляксандра Старавойтава здала 15 524 подпісы. Для параўнання, за бліжэйшага канкурэнта, дацэнта Беларуска-Расійскага універсітэта Юрыя Машына распісаліся 5 937 чалавек, а за адзінага магчымага кандыдата з недзяржаўнай структуры Юрыя Стукалава – 1430. Дарэчы, раней наш сайт пісаў, што Аляксандр Старавойтаў – адзіны патэнцыйны кандыдат, пра якога пісала падчас гэтай электаральнай кампаніі газета гарвыканкама “Веснік Магілёва».

Падобная карціна склалася ў Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86. Больш за ўсё подпісаў прынесла ініцыятыўная група намесніка старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольгі Петрашовай12 160. У бліжэйшага пераследніка, намесніка дырэктара РУП «Медтэхніка» Дзмітрыя Казлова – 1504, у Анатоля Аношкіна – 1260, у Івана Вараб’ёва – 1162, у Генадзя Лосікава – 1077, у Уладзіміра Кротава1053.

Нагадаем, што раней MSPRING.ONLINE прадвесціў тое, што і Старавойтаў, і Петрашова патрапяць ў парламент.

Што тычыцца Петрашовой, то назіральнікам паступала інфармацыя аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў яе ініцыятыўнай групай, аднак прамых доказаў гэтага няма. Па Старавойтаву такой інфармацыі няма, – паведаміў назіральнік пры Магілёўскай-Цэнтральнай АВК №85 і Магілёўскай-Кастрычніцкай АВК №86 Аляксандр Буракоў.

У гэтыя ж камісіі ад яго і назіральнікаў ад Беларускага Хельсінскага камітэта Аляксея Колчына (у АВК №85) і Барыса Бухеля (у АВК №86) былі пададзены заявы, у якіх прадстаўнікі праваабарончых арганізацый прасілі дапусціць іх да назірання за працэдурай праверкі подпісаў.

Старшыня АВК па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 Вольга Клімянкова адказала, што права праверкі подпісаў ўскладзена толькі на чальцоў выбаркамаў. Хоць адказ і расплывісты, я расцэньваю яго, як адмову – няма прамога дазволу, што мы можам ажыццяўляць сваю дзейнасць па гэтай частцы выбараў. Старшыня АВК па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 Аляксандр Кажамякін, у сваю чаргу, выставіў нам з Барысам Бухелем жорсткую забарону падчас пасяджэння, – сказаў Буракоў.

Назіральнік па АВК №85 Аляксей Колчын лічыць, што Вольга Кліменкова не дала прамога дазволу, але і прамой забароны на допуск да назірання за працэдурай праверкі подпісаў не ўвяла:

– З досьведа папярэдніх выбарчых кампаній я магу сказаць, што ў гэтай акрузе праблем з допускам асабліва не было – мы маглі прыходзіць і назіраць, як члены камісій спраўляюцца з гэтай працай. Што будзе цяпер – пытанне, але, думаю, намі будзе зроблена спроба назірання.

Працэс праверкі подпісаў будзе праходзіць па 11 жніўня. Пасля павінна пачацца агітацыя.