Гісторыя з матэрыялам у «Прыдняпроўскай Ніве» атрымала справядлівы працяг.

28 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


23 верасня жыхары і дачнікі вёскі Севасцянавічы, якая размешчана ў 8 кіламетрах ад Магілёва, сваімі сіламі адрамантавалі дарогу на цэнтральнай вуліцы. Для гэтага «Магілёўаблдарбуд» і ДРБУ №128 прывезлі па 30 тон асфальтагранулята і пясчана-гравійнай сумесі. Гэта арганізаваў фактычна адзін чалавек – каардынатар руху «За дарогі Магілёў» Ілля Палоннікаў.

Нягледзячы на гэта, газета Магілёўскага раёна «Прыдняпроўская ніва» прыпісала заслугу па рамонце дарогі мясцовым уладам. У матэрыяле «Не засталіся ў баку», які выйшаў напачатку кастрычніка, журналіст Алег Дзятлаў апісаў сітуацыю такім чынам, быццам жыхары проста трохі дапамаглі:

«З кожным годам усё больш чыстымі і прыгажэйшымі становяцца аграгарадкі і вёскі. Дзякуючы выразнай пазіцыі райвыканкама ў гэтым кірунку зроблена нямала, але многае яшчэ трэба зрабіць. У гэтым пытанні самі жыхары павінны праяўляць актыўную жыццёвую пазіцыю, а не быць староннімі назіральнікамі, бо ўсё выгоды робяцца для іх саміх», – напісаў журналіст.

Імя Іллі Палоннікава і іншых удзельнікаў рамонту ў артыкуле не фігуравала. Актывіст звярнуўся ў рэдакцыю «Прыдняпроўскай нівы» са скаргай.

– Я вёў перапіску з усімі дзяржорганамі, у мяне ёсць копіі і адказы, я трымаў кантакт з кіраўніцтвам «Магаблдарбуда» і ДРБУ №128. Улады проста вырашылі прыбраць усё ў свае рукі. Я папрасіў рэдакцыю разабрацца і апублікаваць абвяржэнне. У адваротным выпадку іх чакае суд, – распавёў нам тады Палоннікаў.

24 лістапада газэта апублікавала матэрыял «Хто ж прымаў актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні дарогі ў адной з вёсак Магілёўскага раёна?» усё таго ж Алега Дзятлава, у якім пералічылі ўсіх удзельнікаў рамонту – акрамя Палоннікава, гэта сем’і Пачынковых, Шацілавых, Церашковых, Мацюшэнкаў і Аўчыннікавых.

«Ну вось, усім сёстрам па завушніцах раздалі. Мы дамагліся артыкула-абвяржэння аб рэальным становішчы спраў, без левых “актыўных старастаў”, якія ледзь не ў адзіночку усё арганізавалі і пазіравалі на фоне выкананых работ зусім іншымі людзьмі», – пракаментаваў вынік актывіст у групе “За дарогі Магілёў” у “Вконтакте”.