«Хрусталь» Дар’і Жук запусцілі ў нязручны час і толькі ў адным гарадскім кінатэатры. Яшчэ і ўсё апазіцыйнае з фільма выразалі.


30 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Стужка «Хрусталь» (у ангельскім варыянце – «Хрустальны лебедзь») рэжысёра Дар’і Жук атрымала Гран-пры Адэскага кінафестывалю, была адзначана на кінафестывалі ў Карлавых Варах і стала першым беларускім фільмам, які вылучылі на суісканне «Оскара».

Аднак для магілёўскага кінавідэапракату гэта – не дасягненні. Адзіным кінатэатрам, які пакажа «Хрусталь» у Магілёве, стаў «Космас». Прычым убачыць фільм можна толькі ў адзін час – а 17.00.

У беларускім пракаце стужку адцэнзуравалі – выразалі кадры акцыі пратэсту «Чарнобыльскі шлях». Аднак нават у такім выглядзе «Хрусталь» пастараліся Магілёву максімальна не паказаць.

Варта ўзгадаць, што ў красавіку гэтага года Міністэрства абароны і «Беларусьфільм» выпусцілі сваю працу «Не гульня» пра армейскую службу ў танкавых войсках. Фільм невысокага мастацкага ўзроўню і сэнсу атрымаў некалькі сеансаў ў галоўным кінатэатры Магілёва “Радзіма”. Галоўнымі гледачамі сталі школьнікі, якіх адводзілі на стужку пад наглядам настаўнікаў.