Некаторыя думкі, відэа і аўдыё з ток-шоў аб правах жанчын у Беларусі і з Беларусі пасля 2020 года.

Гвалт, які захліствае Беларусь, – гэта, у тым ліку, і вынік таго, што адбываецца і адбывалася ў дамах людзей на працягу дзясяткаў гадоў. Беларускі па-ранейшаму падвяргаюцца хатняму гвалту, але пасля 2020 года для іх існуе значна менш магчымасцей для абароны сваіх правоў. Пра тое, якія пагрозы існуюць сёння як для дзяўчат і жанчын, якія жывуць у Беларусі, так і для тых, хто з Беларусі быў вымушаны з’ехаць, гаварылі на апошнім анлайн-ток-шоў MAYDAY “Час жанчын”. MSPRING.MEDIA сабраў некаторыя тэзы ў тэкст, а таксама прадстаўляе поўныя аўдыё і відэа выступаў.

Мадэратар – Аляксандр Буракоў.

Эксперткі:

Вольга Гарбунова – прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага кабінета Беларусі, экс-кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая займалася дапамогай пацярпелым ад хатняга гвалту. У 2021 годзе была затрыманая беларускімі сілавікамі па падазрэнні ў арганізацыі Жаночых маршаў. Была асуджана на 3 гады “хіміі”.

Наста Базар – нізавая актывістка, квір-фем-актывістка.

ВІДЭА

АЎДЫЁ

ТЭЗЫ

Радзіслава адкрылася ў 2002 годзе, працавала амаль 20 гадоў. І амаль заўсёды мы казалі аб тым, што ўсё роўна, якая ты дзяўчына, якая адукацыя, дзе ты нарадзілася, у якім горадзе. У цябе заўсёды высокі шанец сутыкнуцца з хатнім гвалтам проста таму, што ты жанчына. Працуючы з кейсамі па хатнім гвалце, мы бачылі, што гвалт здзяйсняюць вельмі розныя людзі. Гэта маглі быць і адукаваныя людзі, і неадукаваныя, і вельмі адукаваныя людзі. Гэта маглі быць заможныя і незаможныя людзі. Гэта маглі быць людзі з алкагольнай залежнасцю і без яе. Ніколі не было чаканняў, што калі чалавек называе сябе палітыкам ці актывістам, ці гаворыць аб тым, што падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, што такі чалавек усведамляе ўсе свае, у тым ліку мужчынскія, прывілеі.

Беларусам і беларускам і так шмат дасталася ў апошнія гады. І шкада, што гэта ніяк не ўплывае на сітуацыю з тым, што яшчэ і ад хатняга гвалту рэпрэсаваныя беларускі церпяць, калі прымаюць рашэнне пакінуць Беларусь.

Ва ўсіх краінах ёсць праблема хатняга гвалту. Гэта праблема, звязаная не толькі з постсавецкімі краінамі і не толькі з Беларуссю. Гэта сусветная праблема. Гэта праблема, якая склалася гістарычна. Па дадзеных даследніц Сусветнага эканамічнага форума, да дасягнення поўнай гендэрнай роўнасці павінна прайсці яшчэ 130 гадоў. І мы мяркуем, у сувязі з гэтымі дадзенымі, што для вырашэння праблемы хатняга гвалту грамадству трэба будзе працаваць каля 120 гадоў з гэтых 130.

Многія беларускія, якія выехалі, у сябе ў краіне не маглі абараніць свае правы. Але і знаходзячыся ў іншай краіне, дзе праблемная легалізацыя, без ведання мовы, з няведаннем законаў тых краін, куды мы перамяшчаемся, з абмежаванымі фінансавымі рэсурсамі, пытанне легалізацыі часта завязана на партнёры. Гэта значыць, што сітуацыя хатняга гвалту абрастае дадатковай вялікай колькасцю праблем сацыяльных, з якімі сутыкаюцца рэпрэсаваныя беларускі і беларусы. Гэта ўскладняе атрыманне дапамогі.

У Беларусі адсутнічае спецыялізаваны закон аб хатнім гвалце. Напрыклад, ва Ўкраіне ён ёсць з 2000 года. У Літве ўжо гадоў дзесяць прыняты такі закон. І адным з першых мужчын, якія былі паводле гэтага закону затрыманыя там, быў пракурор. Мы разумеем, што недастаткова дзяржаўнай падтрымкі розным сховішчам. Але ў Беларусі і ў Расіі такога закону няма ў прынцыпе. У Беларусі і Расіі лічыцца, што “біць – гэта норма“, што такім чынам “чалавек выхоўвае іншага чалавека“. Гвалт нармалізаваны і гэта вельмі небяспечная сітуацыя.

На гэты момант у Беларусі ліквідаваны ўсе жаночыя арганізацыі, якія аказвалі дапамогу пацярпелым. Гэта стварае дадатковую напругу. Мала таго, што няма закону і нават фармальнай абароны, няма і структур, якія дапамагаюць, дзе можна было б схавацца, атрымаць дапамогу адваката, псіхолага. Вядома, такая праца і зараз вядзецца, але ў асноўным анлайн. І пры гэтым у маленькіх гарадах Беларусі даступнасць Інтэрнэту – 56%. Гэта значыць, палова жанчын, якія знаходзяцца не ў сталіцы, не ў буйных рэгіянальных цэнтрах, не маюць магчымасці атрымаць дапамогу анлайн, таму што яны не карыстаюцца Інтэрнэтам.

Дзе шукаць абароны зараз? Ёсць два шляхі, як рухацца, калі сутыкаешся ў Беларусі з хатнім гвалтам. Першы шлях – фармальны, магчыма небяспечны. Гэта зьвярнуцца ў дзяржаўныя органы. Калі ёсць сітуацыя, калі ёсць пагроза здароўю ці жыццю, трэба тэлефанаваць у міліцыю, звяртацца ў дзяржаўныя структуры, нават калі ёсць страх, што гэта будзе неэфектыўна. Можна зьвярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнай абароны насельніцтва. Там можна атрымаць дапамогу псіхолага і юрысконсульта. Не заўсёды гэтая дапамога вузкапрафесійная, але гэта лепш, чым нічога не рабіць. Другі шлях – шукаць дапамогу сярод ініцыятыў, арганізацый, якія яшчэ ёсць. Так, у асноўным гэта анлайн-фармат (Oliviahelp, Даведка).

У Польшчы ёсць такая арганізацыя, як “Марцінка“. Яе арганізавала ўкраінская калега, якая жыве ў Кракаве і сама сутыкнулася з сітуацыяй гвалту і тым, што паліцыя нічога не зрабіла. І на гэтай хвалі зрабіла такую ініцыятыву, каб бараніць украінак ад гвалту, але туды могуць звяртацца і беларускі, і дапамаглі ўжо не адной беларусцы, за што я ім удзячная. Таму калі вы ў Польшчы і сутыкнуліся з хатнім гвалтам, майце гэтую арганізацыю на ўвазе.

У мяне было расчараванне ў дэмакратычнай супольнасці. У сітуацыі, калі масава сутыкнуліся з гвалтам, калі б’юць не проста хлопца, за тое, што ён гей, ці калі дзяўчыну б’е яе муж, а калі збіваюць брата, бацьку, суседа, белага гетэра-мужчыну, усе павінны былі б зразумець, што гвалту няма розніцы, каго б’юць. Але не, людзі да гэтага часу гэтага не разумеюць. Вельмі важна, і мы гаворым пра гэта з 2020 года, праводзіць паралель паміж хатнім гвалтам і дзяржаўным гвалтам. Калі ў народзе ёсць вось гэта норма, што “б’е – значыць кахае“, то яно не будзе не ўзаемазлучана. Калі мы дазваляем гэта на бытавым узроўні, то яно ў любым выпадку вылезе на дзяржаўным узроўні.

Статыстыка кажа аб тым, што 98% людзей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту – гэта жанчыны. А сярод астатніх 2% мужчын – гэта пацярпелыя ад гвалту з боку іншых мужчын. Я не буду адмаўляць, што можа быць дзе-небудзь ёсць жанчыны, якія б’юць сваіх мужчын, але чамусьці не бачу нідзе матэрыялаў ці каментароў, маўляў, “сам вінаваты“, “што ты зрабіў, што яна цябе біла“, а ў бок жанчын гэта адбываецца ўвесь час.

Вялікая колькасць жанчын знаходзяцца ў сітуацыі эканамічнага гвалту, прычым яны могуць нават гэта не ўсвядамляць. Напрыклад, калі няма доступу да фінансавых сродкаў, калі даводзіцца прасіць грошы на дзяцей, калі патрэбы жанчыны ставяцца пад пытанне, гэта зноў пра прывілеі. Гендэрная роўнасць – гэта не пра тое, што будзе матрыярхат і жанчыны будуць кіраваць. Гэта – пра роўнасць.

Чым патрыярхат шкодны для мужчын? А ці хацелі б яны жыць гадоў на дзесяць даўжэй? У краінах, дзе меншы разрыў у гендэрнай роўнасці, мужчыны жывуць даўжэй, чым у краінах, дзе гэта разрыў большы.