Журналіст і праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў сеў на суткі адным з першых, а выйшаў апошнім. Усё, што адбывалася ўнутры ізалятары часовага ўтрымання, ён спрабаваў запісаць у міні-дзённік.

20 жніўня. Магілёў. Саша Мінько


5 жніўня, напярэдадні ўласнага дня нараджэння Аляксандр Буракоў быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ. Пад рознымі хітрыкамі – ад перавозкі кантрафактнага алкаголю да нібыта згону аўто – яго прымусілі прыехаць на машыне ў Ленінскі РАУС. Там машыну “канфіскавалі для правядзення экспертызы VIN-кода ў рамках праверкі згодна артыкула 381 Крымінальнага кодэкса”.

З 5 па 15 жніўня ён адбываў адміністрацыйны арышт у адзіночнай камеры, вокны якой выходзілі ва ўнутраны двор магілёўскага ІЧУ, і бачыў усе этапы “выбарчай кампаніі” знутры. Першыя пяць дзён прайшлі вельмі будзённа – пад’ём у 6 раніцы, адбой у 22.00, тройчы ў дзень прапануюць правесці санітарную ўборку. Ну а 9 жніўня вязням нават дазволілі прагаласаваць на выбарчым участку, які быў наладжаны прама ў ІЧУ.

Свой голас Буракоў, паводле яго слоў, аддаў за Святлану Ціханоўскую. Вынікі выбараў у ІЧУ, вядома, ніхто нікому не паведаміў, а ўся камісія складалася з аднаго чалавека – невядомай жанчыны з урнай.

А вось 10-га чысла, сведчыць Буракоў, сталі адбывацца дзіўныя рэчы. Бліжэй да адбою з ІЧУ тэрмінова вывезлі трыма рэйсамі аўтазака паўтара-два дзясяткі вязняў. Усіх іх перавезлі ў следчы ізалятар (ПУ “Турма №4”), які побач. Верагодна, у ІЧУ месцаў ужо не хапала і затрыманых часова давялося ўтрымліваць у суседнім будынку турмы.

РАДЫЁ-НЕПРЫЁМНІК

На наступны дзень, 11 жніўня, у ІЧУ раптам не ўключылася радыё, якое будзіць арыштаваных грамадзян роўна ў 6.00 раніцы. Не было штодзённага “шмону” у 7.00 з поўным ператрусам камеры і перакручваннем пасцельных прыналежнасцяў. Нават ніхто не запатрабаваў правесці санітарную ўборку камеры (ануча, змочаная ў густым растворы хлоркі), хоць каранавіруса там баяцца, як агню. У гэты дзень і смецце не прапанавалі выкінуць, а гэта штодзённы абавязак персаналу. Нікога не вывелі на шпацыр. Арыштаваныя былі прадстаўленыя самі сабе.

Затое толькі на трэці паверх ІЧУ з раніцы завялі каля двух дзесяткаў новых затрыманых на акцыях пратэсту. Хтосьці адбываў пакаранне паверхам ніжэй, але агульная колькасць сядзельцаў, у тым ліку “бытавікоў” і якія чакаюць дэпартацыю, склала каля 80 чалавек. Тут трэба патлумачыць, што за ўсё магілёўскі ІЧУ разлічаны прыкладна на 180 чалавек – па 60 месцаў на кожным паверсе. Аднак першы паверх будынка не выкарыстоўваецца зусім. Прычына, верагодна ў тым, што проста не хапае персаналу і банальнага забеспячэння. У Магілёве не так ужо і шмат хуліганаў – ІЧУ не патрэбны цэлы паверх.

КАЛАПС СІСТЭМЫ

Вялікая колькасць “палітычных сутачнікаў” выклікала фактычны калапс. Як атрымалася высветліць Буракову, па стане на 11 жніўня запасу камплектаў пасцельнай бялізны засталося “на адну ноч”. З гэтага дня дзяжурныя супрацоўнікі ІЧУ сталі працаваць у рэжыме суткі праз суткі. І сталі прыцягваць да працы байцоў канвойнага падраздзялення, якіх таксама бракавала. Дакладна вядома, што ахоўнікі суседняга СІЗА ў досыць вялікай колькасці выязджалі ў Мінск на ўзмацненне.

Увечары 11 жніўня з ІЧУ ў СІЗА вывезлі яшчэ два аўтазакі арыштаваных. Да нармальнага рэжыму працы ІЧУ вярнуўся толькі да 14 жніўня, калі колькасць падапечных турэмшчыкаў рэзка зменшылася.

Дарэчы, у гэты дзень акцыя пратэсту пад сценамі ІЧУ парадавала многіх работнікаў гэтай установы. У прыватных размовах некаторыя з іх прызнаваліся, што галасавалі за Святлану Ціханоўскую, а рэжым цяперашняга прэзідэнта іх відавочна гняце.

ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў СІЗА?

Рэдактар ​​MSPRING.ONLINE Саша Райкан быў адным з тых, каго з ІЧУ накіравалі ў будынак Следчага ізалятара. Вось што ён распавёў.

У ІЧУ я знаходзіўся з чацвярга да панядзелка, 10 жніўня. Увечары, каля 20 гадзін, супрацоўнікі ІЧУ раптам папрасілі сабрацца з рэчамі. Каля 21-й гадзіны мяне адправілі ў аўтазак, у якім, як правіла, возяць падследных на суд. Усяго нас там было чалавек 15. Канваір, які чакаў, пакуль прывядуць ўсіх неабходных арыштантаў, патлумачыў, што на ІЧУ не хапае месцаў і было вырашана вылучыць першы паверх СІЗА пад часовы ІЧУ – абодва будынкі знаходзяцца побач.

Калі заехалі ў СІЗА, там ужо была вялікая колькасць менавіта турэмных ахоўнікаў, трое супрацоўнікаў у чорнай форме з надпісам «Спецназ» і сабакі. Нас дагледзелі, пасля чаго хутка раскідалі па камерах.

Умовы там былі значна горш, чым у ІЧУ – звычайныя турэмныя нары, «вейчыкі» на вокнах, дабіты зялёныя сцены і туалет. На наступны дзень, 11 жніўня, да мяне ў шостую камеру «засялілі» адразу 16 чалавек.

У прынцыпе, распарадак дня быў такім жа, як і ў ІЧУ, праўда ўборку нельга было зрабіць – не давалі швабры. Шчыра кажучы, горш за ўсё, напэўна, прыйшлося не арыштаваным нават, а супрацоўнікам ІЧУ, якія павінны былі намі займацца пад наглядам турэмных ахоўнікаў. Адчувалася, што ім гэта не вельмі прыемна.

Ну і суды. Паколькі намаганнямі ўладаў інтэрнэт у краіне прылёг адпачыць, суддзі не змаглі весці працэсы праз Скайп. У выніку, ім прыйшлося праводзіць суды ў памяшканнях СІЗА і ўключаць канвеер – людзі атрымлівалі па 7, 10, 15 сутак літаральна за тры хвіліны.

Людзей было вельмі шмат. Адзін з турэмных ахоўнікаў падказаў, што толькі ў СІЗА знаходзілася на пэўны момант больш за 250 чалавек.

Большасць людзей выпусцілі 14 жніўня, апошніх арыштантаў, у тым ліку мяне, перавезлі з СІЗА ў ІЧУ 15 жніўня. У гэты ж дзень увечары выйшлі апошнія людзі, затрыманыя па палітычных матывах.