У Магілёве кіраўніку БНФ пакінулі ў сіле штраф за акцыю супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй

Рыгор Кастусёў павінен будзе аплаціць 840 рублёў у казну дзяржавы.

9 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Суддзя суда Магілёўскай вобласці Мікалай Гладкі не знайшоў прычын адмяняць рашэнне суда Шклоўскага раёна аб пакаранні старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

10 лютага суддзя Святлана Баранцава ў Шклове вынесла рашэнне пра штраф у 30 базавых велічынь палітыку за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску.

Згодна з матэрыяламі справы, палітык парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (ч.1. арт.23.34 КаАП), калі прыняў удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня.

Падчас паседжання кіраўнік БНФ пацвердзіў, што ён удзельнічаў у пратэстнай акцыі на плошчы Незалежнасці ў Мінску 20 снежня. Пры гэтым ён адзначыў, што нічога супрацьзаконнага не рабіў.

– Наша Канстытуцыя і розныя міжнародныя дамовы, якія ратыфікавала Беларусь, дазваляе мне, як і любому грамадзяніну нашай краіны, мірна ўдзельнічаць любым спосабам у абсалютна любых мірных масавых мерапрыемствах, як санкцыянаваных, так і несанкцыянаваных, але якія не парушаюць забароны, устаноўленыя арт.23 Канстытуцыі і арт.21 і п.3 арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, – заяўляў Кастусёў.

У абласным судзе палітык паўтарыў свае словы і заявіў аб неабходнасці прытрымлівацца міжнародных дамоваў і Канстытуцыі. Суддзя Гладкі словы Кастусёва праігнараваў і пакінуў рашэнне суда ніжэйшай сітуацыі ў сіле.

У адказ на гэта палітык заявіў пра гатоўнасць дайсці да Вярхоўнага суда і Камітэта па правах чалавека ААН у адстойванні сваіх інтарэсаў.