Гісторыя забойства 6 чалавек 15-гадовай даўнасці раскручваецца зноў.

11 красавіка. Магілёў-Бялынічы. Алесь Святліцкі


У ноч на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна хтосьці па-зверску забіў сям’ю з 6 чалавек. Сярод ахвяр – 7-гадовы хлопчык і 6-гадовая дзяўчынка.

У кожнага на целе была вялікая колькасць раненняў, нанесеных рознымі прадметамі. У дваіх – сляды задушэння. Ніхто з суседзяў нічога не чуў і не бачыў.

У Вялікай Машчаніцы сям’я пражыла ўсяго толькі пары дзён. Раней яны жылі ў Бялынічах, аднак прынялі рашэнне пераехаць у вёску.

Ужо на наступны дзень пасля забойства міліцыя затрымала пяцярых хлопцаў – мясцовых жыхароў: Паўла Паўлючэнку, Сяргея Юшкевіча, Мікалая Ракуціна, Генадзя Салаўёва, Аляксандра Клепчу. Наймаладзейшаму на той момант ледзь споўнілася 18 гадоў, старэйшаму – 24 гады. Неўзабаве ім выставілі абвінавачванне ў забойстве.

Следства йшло паўтары гады. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, самы старэйшы з пяцёркі даведаўся пра тое, што ў хаце забітых захоўваліся грошы пасля продажу кватэры ў Бялынічах, і схіліў астатніх зладзіць разбой.

Суд над хлопцамі пачаўся ў 2007 годзе і доўжыўся 11 месяцаў. Пракурор запатрабаваў для двух падазраваных смяротнае пакаранне, для астатніх – пажыццёвае.

Але тут высветлілася, што ў следчых не было фактычна ніякіх доказаў віны хлопцаў. Яны не здолелі даведацца, каму належаць адбіткі пальцаў на месцы забойства.

Адным з довадаў віны абвінавачаных стаў жаночы волас на куртцы аднаго з іх – іх прыпісалі забітай жанчыне. Але калі падчас суда юнаку прапанавалі надзець гэтую куртку, высветлілася, што яна – жаночая і проста не сходзіцца ў хлопца ў плячах. Гэта было адзенне яго сястры, і валасы на куртцы належылі ёй.

Стала ясна, што следчыя банальна спадзяваліся на тое, што абвінавачаныя прызнаюць віну. На працягу следства хлопцы то прызнаваліся ў забойстве, то адмаўлялі гэта. Падчас суда ўсе пяцёра заявілі пра сваю невінаватасць і расказалі пра ціск, які на іх аказвалі следчыя.

2 лістапада 2007 года суд Магілёўскай вобласці апраўдаў хлопцаў, прызнаўшы, што яны не забівалі сям’ю. Вярхоўны суд пацвердзіў гэтае рашэнне. Роўна на 11 гадоў гісторыя была забыта.

СМЯРОТНАЕ ПАКАРАННЕ ПОБАЧ

26 кастрычніка 2018 года Вярхоўны суд скасаваў апраўдальны прысуд 2007 года. Справа распачата зноў. 2 лістапада МУС затрымала траіх фігурантаў справы. Яшчэ двое былі затрыманы пазней. Усіх адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гісторыя паўтараецца.

Паводле словаў маці двух фігурантаў справы Генадзя Салаўёва і Сяргея Юшкевіча, у міліцыі па-ранейшаму няма важкіх довадаў. Таццяна Салаўёва паведаміла, што падставай для новага расследвання стаў «пах, закансерваваны крывёй забітай». Нібы гэты пах належыць аднаму з падазроных.

Жанчыны сцвярджаюць, што ў следчым ізалятары іх дзяцей прымушаюць ізноў даваць патрэбныя сведчанні:

– На іх ціснуць і кажуць скласці дасудовае пагадненне са следствам, папросту ўзводзіць паклёп адзін на аднаго. Але якія сведчанні яны могуць даць, калі яны не бралі ўдзел у тым страшным забойстве? – сказала Ала Юшкевіч.

Абедзве маці пацвердзілі, што ў 2005 годзе следства галоўным чынам будавалася на абгаворах адзін на аднаго, якія яны рабілі пад ціскам следчых і іх «падсадных качак» у камерах. Цяпер прынцып той жа. Кабеты ведаюць, што на дадзены момант Аляксандр Клепча і Мікалай Ракуцін склалі дасудовае пагадненне і даюць абвінаваўчыя сведчанні супраць астатніх хлопцаў.

Салаўёў і Юшкевіч прызнаваць віну адмаўляюцца.

Гэтай зімой міліцыя прыходзілі да суседа той сям’і, якую забілі. Прапанавалі яму даць сведчанні, што ў ноч забойства хлопцы прыкацілі да яго ровар і прасілі схаваць, – расказала Таццяна Салаўёва.

Маці таксама расказалі, што часам да іх не даходзяць лісты іх дзяцей. Магчыма, у іх Сяргей і Генадзь могуць паведамляць пра ціск следчых і парушэнне іх правоў.

Інфармацыі пра ход следства ў жанчын няшмат – адвакаты падазроных падпісалі дакумент пра невыдаванне матэрыялаў крымінальнай справы.

ДЗЯРЖАВА ЗАПЭЎНІВАЕ, ШТО ЎСЕ ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА ВЫКОНВАЮЦЦА

Таццяна і Ала скардзіліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру, каб на Юшкевіча і Салаўёва перасталі аказваць ціск.

Аднак адказы прыйшлі прыкладна аднолькавыя – ніхто нічые правы не парушае.

Жанчыны баяцца, што следчыя шляхам ціску прымусяць іх сыноў прызнаць віну. Тады з кожнаму з іх пагражае смяротнае пакаранне.

Бянтэжыць Таццяну Салаўёву і Алу Юшкевіч і тое, што кіруе следствам Васіль Галь, начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі ГСУ СК. Па іх словах, падчас расследавання 2005 года ён быў у складзе следчай групы, якая займалася расследаваннем забойства ў Вялікай Машчаніцы.

Але чаму кабеты ўпэўнены ў тым, што іх сыны – не забойцы?

І Ала Юшкевіч, і Таццяна Салаўёва кажуць, што ў ноч трагедыі іх Сяргей і Генадзь знаходзіліся разам з імі па сваіх хатах.