Жыхар Быхава, які выпадкова патрапіў пад бязладдзе супрацоўнікаў міліцыі і даў пра гэта відэасведчанне, будзе адбываць “неадбытыя суткі”.

17 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


ХТО ТАКІ УЛАДЗІМІР ГАРУНОЎ?

Уладзімір Гаруноў жыве ў Быхаве. Калі ў Беларусі пасля выбараў закруцілася машына міліцэйскага бязладдзя, ён прыехаў да свайго сына, які працуе ў Магілёве.

Але Уладзімір да яго ён не трапіў – калі ён ішоў з пакетам, у якім былі прадукты для сына, яго схапілі невядомыя людзі, пасля чаго Уладзімір трапіў у міліцыю. Там, па яго сцвярджэнні, яго білі па галаве і патыліцы, страцілі ключ ад наручнікаў, з-за чаго ён паўтары гадзіны правёў у іх, затым змясцілі ў камеру з блашчыцамі, а потым наладзілі троххвілінны суд.

Часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE і валанцёрская каманда MAYDAY запісалі і апублікавалі 15 верасня відэасведчанні Уладзіміра Гарунова. За двое сутак відэаролік сабраў 26 тысяч праглядаў.

Відавочна, што ён не застаўся па-за ўвагай міліцыі.

ПОМСТА ПРАВААХОЎНЫХ ОРГАНАЎ

Раніцай 17 верасня жонка Уладзіміра Гарунова паведаміла, што яе муж затрыманы. Ён пайшоў па позве да начальніка ААПП Быхаўскага РАУС Віталя Траццякова. Там ён даведаўся, што яго вырашылі адправіць у ізалятар часовага ўтрымання на дзесяць сутак. Гэта тэрмін, растлумачылі ў міліцыі, які Гаруноў не адбыў пасля затрымання ў Магілёве 10 жніўня. Тады троххвілінны суд у будынку СІЗА прызначыў Уладзіміру арышт у 15 сутак, з якіх Гаруноў прасядзеў 5.

Калі Уладзімір выйшаў на волю 14 жніўня, ён адразу абскардзіў пастанову аб арышце. Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Барыс Бухель высвятліў ў Магілёўскім абласным судзе, што скарга Гарунова яшчэ пакуль нават не прызначана да разгляду – а значыць, як гэта не абсурдна, пастанова пра 15 сутак арышту за жнівеньскія падзеі яшчэ нават не ўступіла ў законную сілу.

– Мне намесніца старшыні абласнога суда Святлана Бурака паведаміла, што дзеянні быхаўскіх міліцыянтаў неабгрунтаваныя, паколькі пастанова аб арышце абскарджана і не ўступіла ў законную сілу, дзяржпошліна аплачана своечасова. Дамовіліся, што яна патэлефануе ў Быхаўскі РАУС і выкажа сваё меркаванне, – распавёў Бухель.

МІЛІЦЫЯ БАІЦЦА

Інцыдэнт з Гаруновым – першы ў сваім родзе. Падчас «амністыі» 14 жніўня, калі ў Магілёве пачалі масава выпускаць затрыманых пасля поствыбарчага хапуна, адміністрацыйна арыштаваным паведамілі, што іх адправяць даседжваць суткі толькі ў выпадку паўторнага парушэння па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Так, напрыклад, паступілі з актывістам з Дрыбіна Андрэем Юрковым. Пасля ўдзелу Андрэя ў акцыі 30 жніўня ў Горках, мясцовы суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак. У дзень, калі актывіст павінен быў выйсці на волю, з’явілася інфармацыя, што яму прыйдзецца даседжваць яшчэ 7 сутак, неадбытыя з 14 жніўня.

З Уладзімірам Гаруновым сітуацыя іншая – у яго не было ніякага суда па нейкім новым працэсе. Гэта значыць яму не дадалі «суткі» старога арышту да новага. Яго прымусілі без прычыны менавіта даседжваць старыя суткі. Гэта першы падобны прэцэдэнт у Магілёўскай вобласці, пра які ведаюць праваабаронцы.

Улічваючы, што Гарунова не чапалі больш за месяц, пакуль не з’явілася відэа, становіцца відавочным, што міліцыя больш за ўсё баіцца публічных сьведчанняў іх грубых парушэнняў.