Старшыня выбаркама па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 Аляксандр Кажамякін палічыў, што назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Барыс Бухель павёў сябе непатрэбным чынам.
5 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Аляксандр Кажамякін палічыў, што сваімі пытаннямі Барыс Бухель перашкодзіў працы камісіі.
– На паседжанні 5 жніўня Кажамякін заявіў, што я, нібыта, 2 жніўня перашкодзіў працы АВК №86 сваёй просьбай паведаміць, колькі прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты падалі дакументы на рэгістрацыю ў камісію і хто гэта за людзі. Мне было адмоўлена, і я падаў скаргу ў абласную камісію на адмову ў прадастаўленні інфармацыі. Менавіта гэты эпізод паставіў мне ў віну Кажамякін. Галасавання аб вынясенні мне папярэджання не было. Гэты выпад Кажамякіна я расцэньваю як помсту за скаргу, пададзеную ў аблвыбаркам. Дарэчы, папярэджанне мне вынеслі да таго, як я атрымаў адказ ад абласной выбарчай камісіі, – паведаміў Бухель.
Назіральнік звярнуў увагу на прычыны таго, чаму яму не маглі, нібыта, даць інфармацыю аб патэнцыйных кандыдатах, якія ўжо прадставілі дакументы:
– На пытанне хто з прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты падалі дакументы ў камісію і колькі іх, сакратар камісіі Сафонава адказаць адмовілася, сказаўшы, што я ўсё даведаюся на паседжанні камісіі. Нібыта, калі яна цяпер пералічыць усіх прэтэндэнтаў, якія падалі дакументы, то можа паставіць у няёмкае становішча тых, каму камісія потым адмовіць у рэгістрацыі. Незразумелая і дзіўная логіка. І дадала, што назіраць я магу толькі на паседжаннях камісіі. Пасля маёй паўторнай настойлівай просьбы паказаць журнал або проста прадыктаваць прозвішчы і імёны прэтэндэнтаў, якія падалі дакументы, Сафонава патэлефанавала Кажамякіну, які таксама адмовіўся даваць гэтую інфармацыю, хоць яна, як мне стала вядома праз 20 хвілін ад свайго калегі, ужо была размешчана на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Пасля гэтага я адразу сышоў.
Барыс Бухель цвёрда заявіў, што збіраецца абскардзіць папярэджанне, паколькі, на яго думку, яно матывавана асабліва асабістай непрыязнасцю.