Трое міліцыянтаў супраць аднаго актывіста.

2 красавіка. Магілёў. Алесь Светлицкий. Суд Ленінскага раёна. На фота – суддзя Алена Літвіна зачытвае рашэнне


Актывіст Станіслаў Паўлінковіч збіраўся ўзяць удзел у шэсці Мікалая Статкевіча ў Менску 25 сакавіка, аднак да месца ён не дабраўся. На працягу ўсяго Дня Волі сувязі з актывістам не было. Яго бацькі толькі ў канцы дня даведаліся, што Станіслаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама .

Яго затрымалі спачатку за тое, што ён перайшоў дарогу ў неналежным месцы, а пасля паставілі яшчэ і непадпарадкаванне міліцыі.

Згодна з паказаннямі Паўлінковіча, калі ён днём 24 сакавіка выйшаў у краму па прадукты, да яго падыйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Яны не прадставіліся і сказалі, што Стас падобны на чалавека ў вышуку. Актывіста суправадзілі ў аўтамабіль, дзе сядзела яшчэ некалькі людзей – супрацоўнікаў АМАП. У выніку яго адвезлі ў Ленінскі РАУС, дзе спачатку склалі пратакол па артыкуле 18.23 КоАП за парушэнне ПДР, а затым яшчэ і па артыкуле 23.4 – за непадпарадкаванне міліцыі. Сам Стас заявіў, што ў напісанні другога пратакола ён не ўдзельнічаў.

Яго павінны былі судзіць яшчэ 26 сакавіка, аднак суддзя Алена Літвіна пагадзілася даць Паўлінковічу час, каб той знайшоў абаронцу. Зрэшты, за тыдзень актывіст вырашыў абараняць сябе сам.

2 красавіка адбыўся другі працэс. На ім Паўлінковіч заявіў, што адміністрацыйная справа ў дачыненні да яго сфабрыкаваная, а прычыны пераследу – палітычныя.

– У матэрыялах справы ўтрымліваецца запіс падпалкоўніка Пугачова, у якім ён просіць суд даць мне арышт на той падставе , што я нібыта не аплаціў штраф за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў верасні 2017 года. Аднак ёсць копія квітанцыі аб выплаце яшчэ за 19 снежня. Відавочна, што міліцыя аказвае ціск на суд, – заявіў Паўлінковіч.

Ён адкрыта сказаў, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго, каб актывіст не патрапіў на шэсце Мікалая Статкевіча 25 сакавіка.

– Улады спужаліся, убачыўшы, як шмат незадаволеных аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі, і правёў па ўсёй краіне спецаперацыю “Фільтр”, каб перахапіць як мага больш іншагародніх патэнцыйных ўдзельнікаў акцыі , – выказаў меркаванне актывіст.

Датычна сваёй справы Паўлінковіч заявіў, што ён не пераходзіў дарогу ў неправільным месцы. Таксама ён адмаўляў і непадпарадкаванне міліцыі.

– Адзін з амапаўцаў у цывільным наўпрост заявіў, што нас прасцей расстраляць, як зрабіў бы НКУС. Нездарма ж іх начальнік, ураджэнец Луганска, прыбіраецца ў форму ката з НКУС, паказваючы сваё сапраўднае аблічча [Гаворка ідзе пра міністра ўнутраных спраў Шуневіча]. Яны адчуваюць нянавісць да ўсяго беларускага, – адчаканіў актывіст.

Супраць Паўлінковіча сведчылі тры супрацоўніка АМАПа – камандзір узвода Аляксандра Якушаў і яго падначаленыя Аляксей Герцаў і Віктар Мішчанка.

Усе трое выдалі версію, згодна з якой яны патрулявалі вуліцу і ўбачылі, як Паўлінковіч збіраецца перайсці дарогу ў неналежным месцы:

– Калі мы ўбачылі парушэнне, то пад’ехалі да маладога чалавека і заявілі аб парушэнні з яго боку . У адказ ён пачаў пагражаць нам звальненнем. Я растлумачыў яму правы, сказаў, што ён затрыманы. У адказ ён паспрабаваў сысці. Я яму паведаміў, што гэта будзе расцэньвацца як непадпарадкаванне міліцыі. Ён паспрабаваў адштурхнуць мяне і мы яго затрымалі з маім напарнікам Герцавым , – распавёў камандзір узвода Якушаў.

Яго словы пацвердзілі Герцаў і Мішчанка. Аднак у іх разышліся паказанні, чаму працэс затрымання не патрапіў на камеру. У адказе на пытанне Паўлінковіча аб вядзенні запісу на відэарэгістратар  Герцаў сказаў, што тэхніка можа ўключацца і выключацца, а Мішчанка заявіў, што рэгістратара ў іх машыне не было зусім.

Зрэшты, суддзю Ліцвіну нестыкоўкі не збянтэжылі. Як і тое, што, згодна са словамі актывіста, у матэрыялах справы падмянілі рукапісны пратакол апытання на друкаваны . Суддзе хапіла 20 хвілін, каб вынесці вердыкт – 5 базавых велічынь (122,5 BYN).