Матывіроўку да пастановы аб штрафе Станіславу Паўлінковічу даслалі ад жніўня.
24 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Актывіста Станіслава Паўлінковіча затрымалі ў Магілёве за суткі да менскай акцыі пратэсту, прымеркаванай да Дня Волі, на якую ён збіраўся.
Паводле яго слоў, 24 траўня ён выйшаў у краму «Гарадок», але дайсці да яе не змог. Супрацоўнікі міліцыі спынілі яго, сказалі, што ён падобны на чалавека ў вышуку, пасля чаго адвезлі ў Ленінскі РАУС. Ужо там на Паўлінковіча склалі пратакол за тое, што ён у неналежным месцы перайшоў дарогу. Хоць, як адзначыў Станіслаў, ён рухаўся толькі па тратуары.
За парушэнне яму далі штраф у дзве базавыя велічыні, прычым супрацоўнікі ДАІ прыехалі для гэтага адмыслова ў ізалятар часовага ўтрымання, у якім Паўлінковіч чакаў суду паводле яшчэ адной адміністрацыйнай справы – за непадпарадкаванне міліцыі. Пасля ён атрымаў за гэта яшчэ адзін штраф .
Магілёўскія праваабаронцы прызналі пераслед актывіста палітычна матываваным і дапамаглі яму з абскарджаннем абодвух пастаноў.
Каб аспрэчыць рашэнне ДАІ, Паўлінковіч запатрабаваў выдаць яму матывавальную частку. Намеснік начальніка міжраённага аддзела ДАІ УУС Магаблвыканкама пагадзіўся і выслаў актывісту дакумент разам з суправаджальным лістом. Згодна з паперай, матывіроўку Паўлінковіч атрымаў 6 жніўня 2018 года.
– Цяпер нам трэба будаваць машыну часу, каб абскардзіць пастанову ДАІ, – смяецца праваабаронца Барыс Бухель.
Паводле яго слоў, памылка з’яўляецца дастаткова сур’ёзнай:
– У самой матывіровачнай частцы ніякай даты не стаіць. Яна ёсць толькі ў суправаджальным лісце. Уся справа ў тым, што на абскарджванне ў нас ёсць дзесяць дзён з моманту атрымання. Улічваючы, што атрымалі мы яе ў красавіку, а там паказаны жнівень месяц, незразумела, як гэта наогул можна абскардзіць.
Акрамя гэтага праваабаронцу турбуе, што не паказаная дата ў самой матывіроўцы:
– Згодна з дзеючай інструкцыяй Міністэрства юстыцыі па справаводстве, у дакуменце заўсёды павінен быць подпіс, расшыфроўка, дата. Без гэтага папера юрыдычнай сілы не мае.
Што ў такім выпадку застаецца рабіць?
– Давядзецца пісаць скаргі на парушэнне ДАІ інструкцыі па справаводстве ў пракуратуру і вышэйшаму начальству, – сказаў Бухель.