Сябра абласной грамадскай назіральнай камісіі Барыса Бухеля таксама здзівіла, што яго калегі праводзяць анкетаванне зняволеных «з дапамогай» адміністрацый турмаў і калоній.
1 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – Барыс Бухель, здымак носіць ілюстрацыйны характар
31 студзеня ў Мінску адбылося пасяджэнне рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі сумесна з прадстаўнікамі рэгіянальных ГНК. На сустрэчы прысутнічаў таксама сакратар ГНК пры Упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Барыс Бухель. На сходзе, як адзначае ён, рэспубліканская камісія разам з рэгіянальнымі ГНК абмяркоўвала магчымы рэгламент працы.
– Раней такога рэгламенту не было. Я дапускаю, што яго захацелі прыняць у адказ на маю крытыку падчас снежаньскага выступу на семінары «Грамадскі кантроль за ўстановамі крымінальна-выканаўчай сістэмы». Ён арганізоўваўся пры дапамозе Рады Эўропы, былі людзі з іншых краін, таму мае заўвагі прыйшліся не да спадобы некаторым чыноўнікам і членам іншых ГНК, – распавёў праваабаронца.
Паводле яго слоў, рэгламент трэба яшчэ дапрацоўваць. Сам ён унёс больш за два дзясяткі прапаноў, а таксама распавёў пра асноўныя недахопы існуючай сістэмы ГНК.
Бухель сказаў, што хваля абурэння ад сябраў рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пайшла, калі размова зайшла пра парушэнні правоў Уладзіслава Казакевіча. Нагадаем, малады чалавек адбывае пакаранне за напад на наведвальнікаў ГЦ «Новая Еўропа» ў Мінску восенню 2017 года, а таксама за напад на кантралёраў ў ПК №17 у Шклове.
– Калі я распавёў, як парушалі правы зняволенага Казакевіча ў магілёўскай турме, паднялася хваля абурэння. Сябры РГНК, у тым ліку яе кіраўнік Таццяна Краўчанка, заявілі аб тым, што сам Казакевіч не думаў пра правы людзей, на якіх ён напаў, што ён забойца і стаўленне да яго павінна быць адпаведным, – распавёў праваабаронца.
Ён абураны: на яго думку, сваімі заявы камісія фактычна вырашыла дзяліць людзей на тых, чые правы варта абараняць у месцах несвабоды, і тых, хто гэтага не варты.
– Аднак гэта абсурдна. Правы адны для ўсіх, што б не здзейсніў чалавек. Гэта базавы падыход да правоў чалавека, – лічыць сакратар ГНК па Магілёўскай вобласці.
Акрамя гэтага, Бухеля збянтэжыў падыход рэгіянальных і рэспубліканскіх ГНК на анкетаванне зняволеных.
– Прадстаўнік адной з рэгіянальных ГНК сказаў, што анкеты, у якіх зняволеныя могуць скардзіцца на ўмовы ўтрымання і парушэнне сваіх правоў, яны аддаюць напачатку свайго візіту адміністрацыі калоніі або турмы. А ў канцы візіту забіраюць у іх жа. Гэта значыць, яны не думаюць пра тое, што анкеты будуць аддаваць «зручным» зэкам ці ўвогуле – супрацоўнікі пенітэнцыярнай сістэмы самі будуць іх запаўняць, – здзівіўся праваабаронца.
З яго слоў, такі падыход да анкетавання існуе па ўсёй краіне.
– Ці можна тады верыць дадзеным з анкет? – задаецца рытарычным пытаннем Бухель.
Зараз ён працуе над сваёй версіяй рэгламенту працы рэспубліканскай і мясцовых ГНК, які павінен прадставіць да 11 лютага. Аб асноўных момантах дакумента ён паабяцаў расказаць нам крыху пазней.