Многія з праціўнікаў існуючага палітычнага рэжыму апынуліся за бортам выбараў яшчэ да пачатку агітацыі.
11 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
У Магілёве 11 жніўня вызначыліся ўсе кандыдаты ў дэпутаты. З 32 вылучэнцаў, якія мусілі атрымаць кандыдацкі статус, у выбарах працягнут удзел 22 чалавекі. Больш за ўсё страт у Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 – кандыдатамі сталі 6 чалавек з 11.
Не прайшлі рэгістрацыю вылучэнцы ад партыі ЛДПБ Барыс Алешка і партыі БНФ Аляксандр Страх. Сярод тых, хто вылучаўся зборам подпісаў, не атрымалі пасведчанне кандыдата Анатоль Аношкин, Дзмітрый Казлоў і Уладзімір Кротаў.
Зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты галоўнага дзяржаўнага інспектара працы па Магілёўскай вобласці Мілану Адамчанка, дырэктара дарожна-будаўнічага трэсту №3 Івана Вараб’ёва, намесніка старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольгу Петрашову, беспрацоўнага Генадзя Лосікава, пенсіянерку, сяброўку партыі левых «Справядлівы свет» Галіну Лісіцыну і пенсіянера, сябра БСДП (Грамада) Мікалая Залознага.
– Падчас паседжання высветлілася, што ўсім зарэгістраваным кандыдатам трэба падаць сённяшнім днём заяву аб сыходзе ў неаплатны адпачынак. Гэта значыць, па сутнасці, падаць дакумент, падпісаны задняй датай. Старшыня акруговай камісіі Аляксандр Кажамякін падчас пасяджэння прызнаў, што гэта калізія заканадаўства, але, па ягоных словах, не ён павінен яе вырашаць. Па пасяджэнню фактычных заўваг няма, але было відаць, што ўсе рашэнні былі прынятыя загадзя. Галасаванне праводзілася хутчэй для гледачоў і кандыдатаў, – пракаментаваў вынік рэгістрацыі назіральнік па акрузе №86 Барыс Бухель.
Па Магілёўскай-Ленінскай акрузе № 84 рэгістрацыю не прайшоў толькі Леанід Падбярэцкі, які вылучаўся ад БСДП (Грамада).
Кандыдатамі сталі прафесар МДУ ім. А. А. Куляшова, член Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк, ваенны пенсіянер Сяргей Шаўчэнка, дырэктар СШ №27 Людміла Здорыкава, сябра АГП Андрэй Бодзілеў, сябра БНФ Анастасія Войтава і член “Справядлівага свету” Аляксандр Козін.
У Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 дырэктар абласной СДЮШАР прафсаюзаў «Спартак» Яўген Яцкоўскі, які вылучаўся як зборам подпісаў, так і ад партыі левых «Справядлівы свет», за дзень да рэгістрацыі прынёс заяву, у якой папрасіў не рэгістраваць яго кандыдатам. Пра гэта стала вядома на паседжанні самой камісіі.
Назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Аляксандр Буракоў паспрабаваў звязацца з няўдалым кандыдатам, але выніку не атрымаў:
– Пікеты за Яцкоўскага з’явіліся ледзь ці не раней за ўсіх у горадзе, чаму я сам быў сведкам. На жаль, па тэлефоне Яўген Міхайлавіч не захацеў казаць пра прычыны, якія заахвоцілі яго зняцца з выбараў. Я не магу зараз судзіць, але цалкам дапускаю, што меў месца быць адміністрацыйны ціск, улічваючы пасаду і месца працы Яцкоўскага, – паведаміў MSPRING.ONLINE Буракоў.
Рэгістрацыю па гэтай акрузе прайшлі вылучэнец ад АГП Алег Аксёнаў, сябра БНФ Зміцер Салаўёў, лідар Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Наталля Шкадун, дацэнт БРУ Юрый Машын, актывіст, кіраўнік «Цэнтра ініцыятыў» Юры Стукалаў і галоўны ўрач цэнтральнай паліклінікі № 1 Аляксандр Старавойтаў .
У Магілёўскай-прамысловай акрузе №87 стаць кандыдатамі не атрымалася ў трох чалавек. Усё – партыйныя: Сяргей Брыцікаў ішоў ад БНФ, Андрэй Ніжнікаў – ад ЛДПБ і Ігар Сарока – ад партыі левых «Справядлівы свет».
Рэгістрацыю прайшлі член БСДП (Грамада) Іна Яўсеева, член АГП Сяргей Смалякоў, дырэктар цэнтра сацабслугоўвання Кастрычніцкага раёна Аляксандр Іваненка і першы намеснік гендырэктара ААТ «Хімвалакно» Пётр Салаўёў.
Такім чынам, з 10 незарэгістраваных кандыдатаў, 7 – прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый.
Акруговыя выбарчыя камісіі таксама вызначыліся з лёсаваннем выступленняў па абласным ТБ і радыё. У эфіры абласнога тэлебачання магілёўскія кандыдаты будуць з’яўляцца з 19:00 да 19:30 з 21 па 24 жніўня ўключна. На радыё патэнцыйных дэпутатаў можна пачуць з 29 жніўня па 1 верасня.
Больш падрабязны аналіз рэгістрацыі кандыдатаў чытайце на MSPRING.ONLINE у панядзелак, 15 жніўня.