Праваабаронцы магілёўскай «Вясны» атрымалі адказ на скаргі, якія тычацца ўмоў утрымання ў Бабруйскім СІЗА, размешчаным у помніку архітэктуры XIX стагоддзя.

23 верасня. Бабруйск. Саша Мінько

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


СІЗА №5 займае «вежу Опермана» – частку калісьці велізарнай па памерах Бабруйскай крэпасці, ад якой сёння засталіся толькі фрагменты. Будынак ад пачатку будаваўся як турма, у лепшых традыцыях сярэднявечных сутарэнняў. Як доўга будавалі вежу – невядома, ёсць толькі звесткі, што ў 1831 годзе там ужо сядзелі першыя вязні.

У савецкі час кіраўнікі пенітэнцыярнай сістэмы аб правах чалавека нават не задумваліся. Выкарыстанне царскіх казэматаў пад следчую турму ў 1969 годзе падалося ім ідэяй лагічнай і правільнай. Яшчэ праз шэсць гадоў для адміністрацыі быў прыбудаваны новы корпус, а на вокны СІЗА устаноўленыя дадатковыя краты – частку з іх увогуле заварылі металічнымі лістамі, што бачна на фота.

Да таго часу (з 1955 года) ужо дзейнічалі прынятыя Генасамблеяй ААН Мінімальныя стандартныя правілы ў дачыненні абыходжання з зняволенымі, якія прама забараняюць ствараць вышэй апісаныя ўмовы ў турмах. Аднак савецкі ўрад не звяртаў ўвагі на узятыя абавязкі.
Пасля развалу СССР кіраўніцтва незалежнай Беларусі паступова стала прыводзіць правапрымяняльную практыку ў адпаведнасць з цывілізаванымі нормамі. Але справа рухаецца вельмі павольна.

Менавіта на Мінімальныя стандартныя правілы ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі перш за ўсё і спасылаліся магілёўскія праваабаронцы.

Да таго ж з перапіскі з кіраўнікамі Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) МУС раней стала вядома, што пенітэнцыярнымі ўстановамі не выконваюцца санітарныя нормы і правілы Рэспублікі Беларусь. Ад кіраўніцтва СІЗА-5 толькі патрабавалася выканаць закон.ъ

Адказ начальніка бабруйскага СІЗА-5 А.І.Працэнка быў вельмі лаканічны:

– …У цяперашні час абсталяванне ўстановы інжынернымі, тэхнічнымі сродкамі аховы, а таксама ўмовы ўтрымання асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, адпавядаюць патрабаванням крымінальна-выканаўчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама нормам адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў, устаноўленых заканадаўствам.

У каментары для магілёўскага часопіса аб правах чалавека MSPRING.ONLINE праваабаронца Аляксандр Буракоў назваў такі адказ «размовай сляпога з глухім». Тэкст ліста, тлумачыць праваабаронца, цалкам ідэнтычны падобным адказам начальніка магілёўскай турмы №4 Аляксандра Лауэра і начальніка магілёўскага абласнога ўпраўлення ДВП Юрыя Талкачова, атрыманых у ходзе перапіскі раней. Адсюль можна зрабіць выснову, што ўсе адказы рыхтуе адзін і той жа чалавек у абласным упраўленні ДВП, а начальнікі толькі падпісвалі гатовыя паперы, магчыма, нават не зазірнуўшы ў іх.

Справа ў тым, што ў адрозненне ад магілёўскага, бабруйскае СІЗА-5 не пабудавана па тыпавым савецкім праекце, адзначае Буракоў. І ў калектыўнай скарзе ўтрымліваліся пытанні, не падобныя на тыя, якія былі адрасаваны раней адміністрацыі магілёўскай турмы. У бабруйскім СІЗА паўтараметровыя сцены, зусім іншая прылада вокнаў, частка з якіх проста заварана ліставым жалезам.

– Мы прасілі правесці праверку ўзроўню натуральнага асвятлення ў камерах СІЗА №5, а нам адказалі, так нічога і не праверыўшы, што ўсё адпавядае патрабаванням крымінальна-выканаўчага заканадаўства, а таксама нормам адпаведных тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Шкада, што не паказваюць якіх, – адзначае Аляксандр Буракоў.

Вядома, гэта адпіска, працягвае праваабаронца. І звяртае ўвагу на асцярожнасць і дакладнасць, з якой даюць адказы супрацоўнікі ДВП. Яны заяўляюць пра нібыта выкананні крымінальна-выканаўчага заканадаўства Беларусі, але маўчаць пра Мінімальныя стандартныя правілы ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі, разумеючы, што яны парушаюцца.

Не выконваюцца і некаторыя беларускія санітарныя нормы, таму начальства абласнога ДВП лічыць за лепшае не канкрэтызаваць тэхнічныя нарматыўна-прававыя акты.