Спрабуем разабрацца, як звязаны нацыянальны здабытак Расіі з Кіпрам і Сейшэльскімі выспамі, прычым тут Ізраіль і як усё гэта ўплывае на Магілёў.

19 лютага. Омск-Магілёў. Ірына Вайс


Непрыемны для магілёўцаў завод «Омск Карбон Магілёў» зарэгістраваны ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» (СЭЗ), як Замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю. У Рэестр рэзідэнтаў СЭЗ прадпрыемства было ўнесена 9 лістапада 2012 года па нумарам 0000559. У графе «Краіна-інвестар» прапісаная Расія. Але ці так гэта?

Афіцыйны сайт СЭЗ «Магілёў» падае супрацьлеглую інфармацыю. У студзені 2014 года гэты рэсурс паведаміў, што інвестыцыную дамову на будаўніцтва прадпрыемства з урадам Беларусі падпісаў «Омсктэхвуглярод». Але ўжо праз год сайт СЭЗ са спасылкай на Інтэрфакс заяўляе, што дазвол на будаўніцтва завода тэхвуглярода ў Беларусі атрымала кампанія «Омск Карбон Груп». У яе ж уваходзіць беларуская кампанія «Омск Карбон Магілёў».

Дык хто ж насамрэч пабудаваў завод, які ўжо ў самым пачатку заявіў пра сябе выкідам цвёрдых часціц, «Омск Карбон Груп» або «Омсктэхвуглярод»?

ОМСК КАРБОН – ПРЫВІТАННЕ З СОНЕЧНАГА КІПРУ

Калі верыць сайту«OmskCarbonGroup», у яго структуру ўваходзяць тры заводы-ТАА «Омсктэхвуглярод» у Омску, філіял ТАА «Омсктэхвуглярод»у Валгаградзе іЗТАА «Омск Карбон Магілёў».Акрамя таго, у структуры ёсцьОмскі АТ «Навукова-тэхналагічны цэнтр вугляродных матэрыялаў».

Але вось што цікава. У Расіі ёсць Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб (АДРЮБ). Прасцей кажучы, гэта інфармацыйны рэсурс, які змяшчае звесткі аб кампаніях, якія ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць на тэрыторыі РФ. За АДРЮБ адказвае федэральная падаткавая служба (ФПС) Расіі праз тэрытарыяльныя органы.

На сайце ФПС ёсць адмысловая паслуга – там можна даведацца, хто зарэгістраваны ў АДРЮБ.Фактычна – інфармацыю менавіта аб расійскіх прадпрыемствах.

Вось толькі на запыт «ОмсккарбонГруп» расійскі рэгістратар ніякіх прадпрыемстваў не знайшоў.

Выкарыстанне розных варыяцый слоў «Омск Карбон Груп» таксама да поспеху не прывяло. Мяркуючы па ўсім, у Расіі такой фірмы няма. Затое ТАА «Омсктэхвуглярод» знаходзіцца ў момант.

У выпісцы з ФПС Расіі найбольшую цікаўнасць выклікаюць «Звесткі аб заснавальніках (удзельніках) юрыдычнай асобы».

Згодна з ёй, заснавальнікам «Омсктэхвуглярода» са 100% -ай доляй з’яўляецца прыватная кампанія з адказнасцю, абмежаванай акцыямі «Омск Карбон Груп Лімітэд». Краіна паходжання – ніякая не Расея, а Кіпр.

Яна была зарэгістраваная Міністэрствам гандлю, прамысловасці і турызму дэпартамента рэгістрацыі і ліквідацыі кампаній Нікасіі 20 ліпеня 2011 года.Размяшчаецца «Омск Карбон Груп Лімітэд» у кіпрыёцкім горадзе Пафас па адрасе Грыва Дыгені, 58, Сіці Хаўс, 8047.

Па гэтым адрасе зарэгістраваныя цэлы шэраг кампаній.А вось якія імёны і прозвішчы паказвае па “OMSK CARBON GROUP LIMITED” адкрытая база карпарацый:

Яўген Міняеў, Андрэас Алексіоў і Марыя Міхаіл Геаргіядзі пазначаны, як кіраўнікі.

Асаблівая ўвага – на чалавека з імем і прозвішчам Яўген Міняеў, які працуе дырэктарам па продажах і маркетынгу «Омск Карбон Груп». Пра яго вядома таксама тое, што ў 2011 годзе ён абараняў дысертацыю ў Омскім дзяржуніверсітэце.

Нагадаем, адкрываць магілёўскі завод прыязджаў асабіста старшыня савета дырэктараў ТАА «Омсктэхвуглярод» Валер Каплунат, якога лічаць рэальным уладальнікам прадпрыемства. Дык вось Міняеў – гэта і прозвішча Валерыя Каплуната па бацьку. Каплунатам бізнэсмэн стаў, калі ўзяў прозвішча маці, каб з’ехаць у Ізраіль.

Два іншыя прозвішчы – Андрэас Алексіоў і Марыя Міхаіл Геаргіядзі фігуруюць у кіпрскіх медыя, як юрысты.Усё гэта вельмі стандартная схема для афармлення афшорнай кампаніі – самага папулярнага метаду сыходу ад падаткаў і спосабу схаваць сапраўдных уладальнікаў бізнэсу.

Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, становіцца зразумела, што «расейскім нацыянальным здабыткам» у 2019 годзе фактычна валодае тое, што раней бы назвалі «кіпрскім афшорам».

Аднак гэта не перашкаджае кампаніі «Омск Карбон Груп» пафасна сцвярджаць, што іх гісторыя пачынаецца з красавіка 1944 году, калі яшчэ падчас Другой сусветнай вайны быў упершыню запушчаны омскі сажавы завод магутнасцю 10 тысяч тон у год.

ДЗІЎНЫЯ ШЛЯХ “ОМСКТЭХВУГЛЯРОДА”

Структура ўласнасці «Омсктэхвуглярода» таксама цікавая.Па інфармацыі расейскага выдання «КоммерсантЪ», яна была змененая ў сакавіку 2012 года.Менавіта тады была зацверджана здзелка па продажы 100%-ай долі «Омсктэхвуглярода» кампаніі «Кінросс Бізнес Карпарэйшн», зарэгістраванай на Сейшэльскіх астравах.

Паводле ацэнак аналітыкаў, кошт прадпрыемства на той момант дасягала амаль 36 млн долараў ЗША.Сярод прычын такой дзіўнай здзелкі было забеспячэнне бяспекі актыву і абарона ад рэйдэраў.Сэнс у тым, што калі актыў належыць афшору ці кампаніі замежнай юрысдыкцыі, захапіць рэйдэрамі яго значна цяжэй.

Характэрна, што за паўгода да гэтага «Омсктэхвуглярод» рэзка змяніў омскую рэгістрацыю на маскоўскую з-за «адсутнасці паўнавартаснага дыялогу з абласнымі ўладамі і падатковымі органамі». Але і на Сейшэльскіх выспах з фірмай сталі адбывацца дзіўныя рэчы. Праз месяц пасля здзелкі «Омсктэхвуглярод» раптам зноў зарэгістраваўся ў Омску. У гэты ж момант змянілася кіраўніцтва падатковай службы.

У Омску «Омсктэхвуглярод» і мясцовыя ўлады стваралі навукова-даследчы цэнтр тэхнічнага вугляроду.

А яшчэ праз два гады антыманапольная служба ўхваліла ўжо новую здзелку па продажы 100% доляй «Омсктэхвуглярода»: яго прадалі кіпрскай кампаніі «Велблэк Инвестменс Лімітэд». Менавіта так раней называлася кіпрскаяOmskCarbonGroupLtd.

Варта адзначыць, што на сёння тэхнічна Кіпр не з’яўляецца афшорам.Краіна называецца «нізкападаткавай юрысдыкцыяй з карпаратыўным падаткам у 12,5%».Гэта дае права гэтай тэрыторыі не лічыцца афшорам.Але ў Шэнгенскую зону, напрыклад,  гэтая краіна па-ранейшаму не ўваходзіць.

ВА УЛАДАЛЬНІКА “ОМСК КАРБОН МАГІЛЁЎ” ПРАБЛЕМЫ?

Омскія СМІ стракацяць інфармацыяй пра барацьбу мясцовых фінансава-прамысловых кланаў за кантроль над горадам.Там жа праскочыла інфармацыя аб магчымай змене рэальнага ўладальніка «Омсктэхвуглярода».

Гэта, нібыта, аргументуецца тым, што родны брат Валерыя КаплунатаІгар, які раней быў старшынёй савета дырэктараў, але пазней з’ехаў працаваць у Маскву ў канцэрн «Русэлпрам» – раптам пераехаў з сям’ёй жыць у Ізраіль. А яго жонка нават уладкавалася там працаваць прадаўцом-кансультантам у краме адзення. У свеце алігархаў такі варыянт развіцця падзей азначае магчымую наяўнасць сур’ёзных праблем. Сам Валерый Каплунат неахвотна кажа на гэтыя тэмы і ўсё абвяргае, а любую публікацыю ў беларускіх СМІ пра яго ўспрымае, як атаку, замоўленую канкурэнтамі.Гэта таксама дзікавата для беларусаў.

Магілёўскім уладам была пастаўлена задача прыцягнуць замежнага інвестара, і здаецца, што яго прыцягвалі практычна не гледзячы.Цяпер жа, калі заводы пабудаваныя, наступіла новая рэальнасць.Пасля запуску шэрагу прадпрыемстваў на пляцоўцы СЭЗ «Магілёў», размешчанай за горадам,прыкра-саладжавы пах дрэва адчуваецца нават у самым цэнтры горада.Чыноўнікі ў абласным і гарадскім выканкамах, відавочна, ужо зразумелі, што і ім прыйдзецца дыхаць выкідамі «новых сучасных» прадпрыемстваў СЭЗ.І гэта толькі пачатак.Цалкам магчыма, што зусім хутка на вокны іх ўтульных кабінетаў будуць асядаць «сажавыя часціцы» – канцэрагены групы 2В.