Адны душылі эмоцыямі і трэслі пачкамі адказаў ад чыноўнікаў, іншыя паўтаралі пра выкананне нормаў і кідаліся лічбамі. У выніку ніхто так да праўды і не дайшоў.

10 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Усе фота – аўтара. Пры выкарыстанні тэксту гіперспасылка на арыгінальны матэрыял абавязковая у першым абзацы.


Калі нехта скажа вам, што пасля ток-шоў «Гарадскі дыялог №10», прысвечанага экалагічным праблемам Магілёва, людзі хоць у нечым разабраліся – не верце і сыпце сажай у твар гэтаму чалавеку.

Адназначны плюс толькі адзін: арганізатары з Цэнтра гарадскіх ініцыятыў сабралі на адной пляцоўцы людзей, якія цярпець не могуць адзін аднаго.

10 красавіка ў тайм-кафэ «Неба» на ток-шоу прыйшлі людзі кардынальна розных поглядаў і заробкаў, ад якіх гэтыя погляды залежаць. З аднаго боку – заўсёды пакрыўджаны народ, з іншага – чыноўнікі і прадстаўнік аднаго знакамітага завода, якія пакутуюць ад неразумення народам.

Нягледзячы на агульную назву дыскусіі «Чым новыя прадпрыемствы СЭЗ «Магілёў» пагражаюць экалогіі горада», многія гледачы прыйшлі паглядзець менавіта на зарубу паміж актывістамі і прадстаўніком «Омск Карбон Магілёў».

Апошняму, дарэчы, рэспект. Экспертам ад прадпрыемства выступіў начальнік юрыдычнай службы завода «Омск Карбон Магілёў» Андрэй Буракоў. Ён, мабыць, разумеў, што людзі прыйшлі паслухаць менавіта яго і яшчэ больш яму выказаць. Не спалохаўся.

НІХТО ВЫРАЗНА НЕ СКАЗАЎ, ЧАМУ Ў ЦЭНТРЫ МАГІЛЁВА ПАХНЕ ДРАЎНІНАЙ

Пачыналася ўсё прыдатна – вядоўца ток-шоу Аляксандр Буракоў (не, не сваяк супрацоўніка завода, проста цёзка) пачаў цікавіцца, што ў Магілёве з экалогіяй і атрымаў дзяжурны адказ Кастуся Цеплякова, намначальніка абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пра тое, што ўсё добра.

Кастусь Цеплякоў

– Па ўсіх прадпрыемствах, якія ў нас працуюць: незаконна і несанкцыянавана выкідваць забруджвальныя рэчывы немагчыма. У 90-ым годзе выкід у атмасферу Магілёва забруджвальных рэчываў складаў 75 тысяч тон. Цяпер па горадзе – 4 тысяч тон выкідаў. Розніца адчувальная, – заявіў чыноўнік.

Цеплякоў трымаўся ўпэўнена і адбіваў пытанні з дапамогай шчыта з лічбаў і статыстыкі. Іншы эксперт, прадстаўнік зонавага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксей Астапчык выглядаў не так пераканаўча.

– Сёння асноўная прэтэнзія грамадзянаў да «Кранаспану» і паўднёвага прамысловага вузла – гэта запах паленай драўніны. Ён бярэцца ад таго, што напачатку тэхнічнага працэсу вільготнасць драўніны складае 93-95%, а ў прэсаваных шчытах — вільгаці толькі 3%. Такім чынам, 90% вільгаці выходзіць у трубу, а з ёй мікрачасцінкі пылу і пах сухой драўніны. Аднак санітарнымі правіламі пах не нармуецца, і баяцца яго не трэба, – запэўніў спецыяліст.

Аляксей Астапчык – злева

Прыкладна праз гадзіну дыскусіі з залы да мікрафона выйшаў выкладчык хіміі з МДУ імя Куляшова Андрэй Пахоменка і ўшчэнт разнёс пазіцыю Астапчыка:

Наконт паху драўніны. Ці вядома, якія рэчывы выклікаюць пах? Тое, што вы казалі, што гэта ад драўніны, якая сохне, дык там проста выпарваецца вада. А я пытаюся, якая сукупнасць рэчываў выклікае гэты пах? Просты пошук па навуковай літаратуры выдае, што пах драўніны выклікае 39 хімічных рэчываў. Яны вызначаюцца пры дапамозе храматамасаспектраметрыі. Нашыя службы па колькіх паказчыках могуць правесці даследаванне? Па 20-ці. Сюды ўваходзяць СО2, СО, сярністыя выдзяленні. Ніводнае з іх не дае пах драўніны. Вы, вобразна кажучы, мераеце, якога колеру, а трэба было б паспрабаваць на соль.

Андрэй Пахоменка

ІЗНОЎ ПАРАЎНАННІ З АСВЕНЦЫМАМ

Глабальнае пытанне – размяшчэнне заводаў. Частка людзей упэўненая, што прадпрыемствы СЭЗ «Магілёў» стаяць бліжэй, чым павінны. Астапчык катэгарычна заявіў, што ўсе нарматывы выкананыя і вытворчасці знаходзяцца на патрэбнай адлегласці ад жылых дамоў.

Пасля словаў Астапчыка выступіла Таццяна Паўлоўская, якая жыве ў Навасёлках – гэта менш кіламетра ад СЭЗ «Магілёў»:

Калі адкрывалі СЭЗ, нашы ўсе спецыялісты дапусцілі найвялічэзную памылку, паднеслі прэзідэнту, што гэта магчыма… А зараз адкрыем пералік вытворчых канцэрагенаў [дакумент з БДМУ]. Да вытворчых працэсаў, што ўяўляюць канцэрагенную небяспеку, адносяцца дрэваапрацоўчая мэблевая вытворчасць, вытворчасць тэхнічнага вуглявадароду, вытворчасць гумы. Цяпер на «Хімвалакно» вырабляюць гуму. «Кранаспан» чым займаецца? Дрэваапрацоўка і мэбля. «Омск Карбон» чым займаецца? Тэхнічны вуглярод. І вы яшчэ збіраецеся пашырацца? Не, так нельга.

Эмацыйны выступ Таццяны Паўлоўскай

Выступ Паўлоўскай на некаторы час ператварыў дыскусію ў падабенства мітынгу. Улічваючы рэакцыю залы, відавочна, што словам экспертаў гледачы, мякка кажучы, не верылі. А Таццяне – так, хоць за ёй і няма адпаведнай пасады і адукацыі.

– Зрабілі нам Асвенцім! – заявіла Паўлоўская.

«ОМСК КАРБОН», ЗДАЕЦЦА, САПРАЎДЫ НЕНАВІДЗЯЦЬ

Пасля рэактыўнага спіча Паўлоўскай першаму далі выказацца начальніку юрыдычнага аддзела «Омск Карбон Магілёў» Андрэю Буракову. Ён выказаў надзею, што яму атрымаецца данесці інфармацыю, якую ён падрыхтаваў. У процівагу народнаму абурэнню, юрыст заставаўся падкрэслена спакойным і напіраў на тое, што яго словы заснаваны не на здагадках, а на дадзеных.

Буракоў пагадзіўся, што ў «Вікіпедыі» пазначана пра канцэрагеннасць тэхнічнага вугляроду. Аднак гэта інфармацыя, на яго думку, з’яўляецца непоўнай:

– У 2006 годзе была зроблена выснова пра недастатковасць довадаў пра канцэрагеннасць тэхвуглярода. Гэтыя дадзеныя можна знайсці ў вольным доступе ў 700-старонкавай манаграфіі на ангельскай мове. Паводле крытэраў еўрапейскай сістэмы класіфікацыі маркавання, тэхвуглярод не з’яўляецца таксічным і небяспечным.

Андрэй Буракоў распавядае сваю пазіцыю

Тое ж самае Буракоў заявіў і пра адносіны да тэхвугляроду ў ЗША.

Абвінавачванні ў тым, што на прадпрыемстве выкарыстоўваецца старое, ужо скарыстанае абсталяванне, Буракоў адхіліў, заявіўшы, што ўсе механізмы – новыя.

КІРАЎНІЦТВА «ОМСК КАРБОНУ» САПРАЎДЫ ДУМАЕ, ШТО СУПРАЦЬ ІХ ІДЗЕ ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ВАЙНА

Калі ўвага публікі канчаткова сфакусавалася на пікіраванні з Бураковым, перад сцэнай з’явіўся яшчэ адзін (таксама не сваяк). Алесь Буракоў з праваабарончага цэнтра «Вясна» пацікавіўся, чаму кіраўніцтва «ОКМ» так часта падае ў суд і ў міліцыю на журналістаў і актывістаў – няўжо на прадпрыемстве сапраўды думаюць, што супраць «Омск Карбону» вядзецца інфармацыйная вайна?

– Гледзячы на тыя некалькі неадпавядаючых рэчаіснасці фактаў, накшталт чорных падваконняў…

– Прабачце, але чорныя падваконні былі. Было нават фота.

– …Добра. Не зусім зразумелы сэнс. Але элементы інфармацыйнай вайны ў дачыненні да нас ёсць, – заявіў прадстаўнік «ОКМ».

Пасля гэтага праваабаронца пацікавіўся, чаму ўсе скаргі кіраўніцтва прадпрыемства, у тым ліку і ў Арбітражным судзе Омска ў дачыненні да блогера Орыса Брута, «праваліліся».

Невядомае тэлебачанне

Андрэй Буракоў не пагадзіўся з тым, што прадпрыемства страляе міма. Проста так складаецца сітуацыя:

– Вырак Арбітражнага суда [па Орысу Бруту] ёсць у адкрытым доступе. Чамусьці блогеры не захацелі яго публікаваць. Там выразна пазначана, што звесткі, распаўсюджаныя блогерам, несапраўдныя. Проста мы не змаглі давесці, што яны знеслаўляюць рэпутацыю.

Магчыма, начальнік юрыдычнай службы завода памыліўся. У выраку Арбітражнага суда сказана, што блогерам і рэдактарам омскага сайта БК55 «не даказана сапраўднасць распаўюсюджаных звестак». Пагадзіцеся, фармулёўка адрозніваецца ад сцвярджэння прадстаўніка завода, што «звесткі былі несапраўдныя».

Наконт апошняй скаргі на актывіста Андрэя Бодзілева з нагоды распаўсюду зневажаючай рэпутацыю «Омск Карбону» інфармацыі юрыст заявіў: актывіст сам прызнаў, «што засноўваўся на здагадках».

Пры гэтым міліцыя да адказнасці Бодзілева не прыцягнула.

ІМЯ ЎЛАДАЛЬНІКА ПРАДПРЫЕМСТВА – САМАЯ НЕПРЫЕМНАЯ ТЭМА ДЛЯ ПРАДСТАЎНІКОЎ «ОМСК КАРБОНУ»

Гутарка пра тое, хто валодае прадпрыемствам у СЭЗ «Магілёў», заходзіла некалькі разоў.

Першым пра ўладальніка «Омск Карбону» запытаў вядоўца Аляксандр Буракоў. У адказ на гэта яго цёзка з прадпрыемства мудрагеліста паведаміў, што ўся інфармацыя ёсць на сайце холдынга «Омсктэхвуглярод». Прозвішча ён не назваў.

Вядоўца Аляксандр Буракоў

Другім па тэме ўладальніка праехаўся сацыёлаг Юрый Бубнаў, які падрыхтаваў прэзентацыю пра тое, якія экалагічныя праблемы хвалююць гараджанаў. Падчас свайго выступу заўсёды асцярожны доктар сацыялагічных навук заўважыў, што Андрэй Буракоў гэтак і не назваў імя і яшчэ раз прапанаваў яму гэта зрабіць:

Мы разглядаем супрацьстаянне двух цэнтраў сіл. Першая сіла – гэта бізнэс, які прадстаўляе адважны юрыст. Які не раскрыў, дарэчы, хто ж будзе нажывацца на нашым здароўі, не жывячы ў гэтым горадзе. Імя не было названа. Хаця у гэтага бізнесу ёсць імя. Якое, дарэчы? – звярнуўся Бубноў да Андрэя Буракова.

Тот прамаўчаў – горшы адказ з усіх магчымых. У гэты момант шмат хто зразумеў, наколькі нязручнай з’яўляецца тэма ўладальніка «Омск Карбону».

Зрэшты, таямніцу раскрыў вядоўца, сказаўшы, што сапраўдным уладальнікам «ОКМ» з’яўляецца расійскі бізнесовец Валер Каплунат.

ТОК-ШОЎ АТРЫМАЛАСЯ, ДЫЯЛОГ – НЕ

Цэнтр гарадскіх ініцыятыў, безумоўна, правёў якаснае шоў, у якім хіба што бракавала боек. Аднак практычнай карысці ад яго было няшмат. Арганізатары не вінаваты – занадта далёка знаходзяцца эксперты, якія сядзелі на сцэне, і людзі, якія сядзелі ў зале.

Адны аперавалі лічбамі, статыстыкай і спасылкамі на кантроль экалагічнай сітуацыі. Іншыя (не ўсе) галоўным чынам выказвалі экалагічныя лозунгі, пад якімі складана разгледзець сістэмную пазіцыю.

Верыць экспертам – значыць верыць у дзяржаўныя экспертызы, а гэта занадта раскошна, калі гаворка ідзе пра ўласнае здароўе.

Верыць гледачам – значыць верыць, у большасці сваёй, не спецыялістам.

Найлепш за ўсё ілюструе становішча сітуацыя з драўняным пахам у горадзе. Нехта расказвае байкі пра драўняныя пліты. Нехта ледзь не знаходзіць у сябе ад гэтага паху анкалогію. У выніку складваецца ўражанне, што па факце ніхто не ведае, чым сапраўды ўсё гэта пахне.

І ўжо тым больш, чым пахнуць і пагражаюць прадпрыемствы СЭЗ «Магілёў».