Увечар 11 чэрвеня да Анжалікі Калатазішвілі зазірнулі супрацоўнікі мясцовага РАУС.
12 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Актывістка са Слаўгарада Анжаліка Калатазішвілі ўвечары 11 чэрвеня паведаміла MSPRING.ONLINE, што да яе заявіліся супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў.
Прычынай стаў яе пост у «Аднакласніках» за 25 кастрычніка 2019 года. Жанчына рэпостнула сабе на старонку фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы», прысвечаны магчымым злачынствам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Па яе словах, на яе паступіла скарга з УУС Магілёўскага аблвыканкама.
– Міліцыянты склалі пратакол апытання, цікавіліся, што я размяшчаю ў сваіх сацсетках і навошта. Пыталіся, чым мне спадабаўся гэты фільм. Я шчыра сказала, што я не падтрымліваю існуючую ўладу ў Беларусі і што хтосьці, відавочна, наклаў у штаны, – распавяла Калатазішвілі.
Жанчына таксама заявіла, што супрацоўнікі міліцыі без дазволу здымалі яе на камеру. Настойлівыя просьбы Анжалікі спыніць відэаздымку міліцыя праігнаравала. Як распавяла Калатазішвілі, сілавікі папярэдзілі, што яны прыедуць яшчэ раз.
Анжаліка Калатазішвілі – вядомая слаўгарадская актывістка. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Сутыкнуўшыся з бязмежжам, Калатазішвілі стала паслядоўна крытыкаваць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады. Яна публікавала ў сваіх сацсетках інфармацыю аб праблемах у ЖКГ, міліцэйскіх памылках, паведамленні аб успышках COVID-19 у райцэнтры.
На думку праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Сашы Райкана, Калатазішвілі «імкнуцца раскруціць па экстрэмісцкім артыкуле».
– Такім жа чынам з УУС Магілёўскага аблвыканкама восенню 2019 года паступіла скарга на палітыка з Дрыбіна Андрэя Юркова за «лайк» у «Аднакласніках» пад мемом пра савецкую і нацысцкую сімволіку. У Анжалікі ўсё цікавей. Рэпост зроблены ў кастрычніку 2019 года, а нібыта экстрэмісцкім фільм NEXTA быў прызнаны толькі ў снежні. Відавочна, што такім чынам сілавікі спрабуюць запалохаць жанчыну.