Як у Беларусі судзілі палітыка за мем ў «Аднакласніках» ВІДЭА

Відэарэпорт з месца падзей, дзе негатыўная рэакцыя на нацысцкую сімволіку каштавала чалавеку амаль 100 еўра.

23 снежня. Дрыбін. Алесь Святліцкі


У верасні 2019 г. экс-кандыдат у дэпутаты парламента па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэй Юркоў паставіў у «Аднакласніках» знак «Сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмах сацсеткі, малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова.

Мем адсачылі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама. Старшы інспектар Пугачоў склаў рапарт, у якім адзначыў, што Юркоў распаўсюдзіў «нацысцкую сімволіку», што забаронена арт. 17.10 КаАП РБ. Намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў перанакіраваў рапарт у Дрыбінскі РАУС.

Лейтэнант міліцыі Станкевіч склаў на Юркова адміністрацыйны пратакол па іншым артыкуле – замест распаўсюджвання нацысцкай сімволікі, міліцыянт прыпісаў мужчыне распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11).

Першы суд павінен быў адбыцца 13 снежня, але з-за памылак супрацоўнікаў Дрыбінскага РАУС у адміністрацыйным пратаколе суддзя Барыс Пігаль адправіў справу на дапрацоўку.

Міліцыя яшчэ раз папрацавала над пратаколам і вярнула яго ў суд. На працэсе 23 снежня Андрэй Юркоў заявіў, што ў яго не было намеру распаўсюджваць нацысцкую сімволіку. Ён таксама распавёў, як пацярпела ягоная сям’я як ад нацысцкага, так і ад савецкага палітычных рэжымаў.

Адвакат Юркова Таццяна Лішанкова, у сваю чаргу, патлумачыла суддзі, што міліцыя практычна нічога не выпраўляла ў пратаколе, а таксама пазначыла на той факт, што карцінка, рэакцыю на якую ставяць у віну Юркову, не знаходзіцца ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ.

Нягледзячы на ​​ўсе тлумачэнні, суддзя Барыс Пігаль пастанавіў аштрафаваць палітыка на 10 базавых велічыняў – 255 рублёў.