15 сакавіка валанцёрская служба «Магілёўскай вясны» правяла ролевую гульню жывога дзеяння ў грамадскім цэнтры «Кола» на тэму дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце.

19 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – вядучыя LARP Ханна Зубкова і Кацярына Каламеец


LARP – ролевая гульня жывога дзеяння, падчас якой удзельнікі на нейкі час уваходзяць у свае ролі і разыгрываюць сітуацыю. Часцяком LARP – гэта добры спосаб навучыць людзей дамаўляцца, асабліва калі інтарэсы кожнага ўдзельніка ледзь не супярэчаць інтарэсам іншых.

15 сакавіка на «Коле» госці мерапрыемства разыгралі дзеянне «Пошукі вінаватага» па матывах сцэнара лінгвіста і палітолага Віёлы Ермаковай. Гэта была гульня-дэтэктыў пра злачынства і этнічныя стэрэатыпы.

Адна з арганізатарак LARP, валанцёр «Магілёўскай вясны» Ханна Зубкова распавяла, што гэты фармат для горада рэдкі, што, вядома, з’яўляецца нястачай, бо ролевая гульня – выдатны спосаб падымаць вострасацыяльныя і праваабарончыя тэмы:

Сама я пазнаёмілася з LARP адносна нядаўна, згуляла ўсяго аднойчы, было гэта ў Мінску, і я была вельмі ўражана. Калі я вярнулася ў Магілёў, шукала нешта падобнае ў нас у горадзе, але нічога не знайшла, – расказала Ханна.

Па яе словах, да ідэі правесці LARP валанцёры «Вясны» прыйшлі, калі абмяркоўвалі план сваіх мерапрыемстващ. Дзяўчаты і хлопцы знайшлі прыдатны сюжэт, адаптавалі яго пад магілёўскія рэаліі і запусцілі.

– Галоўнае для нас у кожнай імпрэзе – магчымасць на рэфлексіі паглыбіцца ў тэму правоў чалавека, даць людзям магчымасць абмеркаваць яе на простых прыкладах. Калі людзі на гэтай самай рэфлексіі кажуць, што мерапрыемства апынулася карысным і цікавым – гэта галоўны паказчык поспеху. Прыемна бачыць, як людзі ўспамінаюць і задумваюцца пра сур’ёзныя рэчы, але пры гэтым і бавяць час у прыемнай атмасферы, разам смяюцца, – сказала дзяўчына.