Першы намеснік міністра ўнутраных спраў аб масавым затрыманні цыганоў: «Можа быць, і трэба папрасіць прабачэння. Не ведаю, ці будзем »

Навошта прызнаваць памылку, калі можна зрабіць выгляд, што нічога не адбылося?

21 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі/ На фота – Іван Падгурскі справа, uvd.grodno.by


Першы намеснік міністра ўнутраных спраў – начальнік крымінальнай міліцыі Беларусі Іван Падгурскі у каментары для БелаПАН не змог вызначыцца, ці павінна МУС прасіць прабачэння за аблавы ў месцах кампактнага пражывання цыганоў у Магілёве.

На пытанне журналісткі Таццяны Каравенковай аб магчымых прабачэннях ён заявіў:

– Можа быць, і трэба. Не ведаю, ці будзем.

Таксама ён заявіў, што служба ўласнай безопаcности МУС цяпер праводзіць службовае расследванне па факце суіцыду інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. У тым, што гэта было менавіта самагубства, міліцэйскі чыноўнік не сумняецца.

Нагадаем, 16 траўня з’явіліся паведамленні пра забойства Патаповіча. Пазней яго цела з агнястрэльным раненнем было знойдзена ў лесапаласе недалёка ад Магілёва. Першапачаткова падазраванымі ў забойстве называлі неўстаноўленых грамадзян на чорнай «Волзе» з расійскімі нумарамі. Пра гэта напісаў перад смерцю сам Патаповіч, дадаўшы, што ў машыне знаходзяцца «цыганы».

На працягу некалькіх гадзін пасля гэтага ў месцах кампактнага пражывання цыганоў у Магілёве прайшлі масавыя затрыманні – усяго было затрымана да ста чалавек. Дзеянні міліцыі, па словах пацярпелых і іх сваякоў, суправаджаліся збіваннямі, абразамі і катаваннямі.

Ужо пасля гэтага, 20 траўня, Следчы камітэт заявіў, што прыярытэтнай версіяй расследавання цяпер з’яўляецца не забойства Патаповіч, а яго суіцыд. Цыганы апынуліся не прычым.