Мы паразмаўлялі з праваабаронцай Анісіяй Казлюк, ці круцей яна за прзідэнта, што яна б зрабіла з Гітлерам і чаму не пакіне Беларусь, як робіць шмат хто з моладзі.

8 лютага. Менск. Алесь Святліцкі


Анісія Казлюк трапіла ў еўрапейскі спіс “30 да 30”, які складаецца з найбольш таленавітай моладзі Старога Свету. Гэта не звычайны спіс з мультыміліярдэраў. У “30 да 30” уваходзяць тыя, хто, па меркаванню журы, у будучыні павінны істотна ўплываць на грамадства. Да Анісіі з беларусаў туды ў 2017 годзе трапляў Андрэй Максімаў, які займаецца распрацоўкай гульняў у ЗША.

Пры гэтым Анісія стала адной з найбольш маладых удзельніц спіса “Права і кіраванне” нароўні з Сарай Эзабэ Малью (Sara Ezabe Malliue) – абодвум на момант публікацыі спіса было па 21 году.

– Спіс Forbes. У ва што менавіта ты трапіла і ці крута гэта?

– Гэты спіс складаецца з 30 людзей ва ўзросце да 30 год, якія жывуць у Эўропе. Я трапіла ў катэгорыю “Права і кіраванне”. Усяго такіх катэгорый 10, адабрана было 300 чалавек.

Крута гэта напэўна таму, што апублікавана на крутым рэсурсе, дзе звычайна публікуюцца людзі, якія дасягнулі ўсяго ў сваім жыцці. А тут раз – і моладзь.

– Распавядзі падрабязней, чаму ты не здолела трапіць на ўзнагароджанне?

– Зараз у нас няма Брытанскай амбасады, дакуманты трэба падаваць у візавы цэнтр, адкуль іх вязуць у Маскву, дзе ўжо робяцца самі візы, гэта займае пятнаццаць дзён мінімум, я бы проста не паспела. Да таго ж, гэта даволі дорага.

– Тры цікавых факты з жыцця, якія чытач павінен ведаць пра Анісію Казлюк са спіса Forbes.

– У мяне складана з цікавымі фактамі. Напэўна, з тых якія больш за ўсё здзіўляюць людзей, гэта тое, што я цікаўлюся праваабаронай з 14 гадоў, актыўна займаюся валантэрствам у праваабарончым цэнтры “Вясна”. У 19 гадоў я пабралася шлюбам з чалавекам, з якім была ў стасунках на той момант амаль 4 гады, а праз 11 месяцаў мы разыйшліся. Таксама я навучалася на юрыдычным, але не пайшла на абарону дыплёма праз канфлікт з выкладчыкам, таму фактычна не маю адукацыі.

– Тое, што цябе ўключылі ў гэты спіс, кажа аб тым, што ты маладая ды перспектыўная. Чаму ты тады не з’едзешь з Беларусі, як гэта часта робяць маладыя ды перспектыўныя?

– Я хачу змяніць да лепшага рэальнасць у гэтай Беларусі, а не ехаць туды, дзе яе змяніў нехта да мяне. Для мяне гэта прынцыпова, доўгі час я нават была супраць замежнай адукацыі, бо пасля яе мала хто вяртаецца.

– Тры найбольш вялікіх праблемы з правамі чалавека ў Беларусі?

– У гэтым я згодна з рэйтынгам, які склала правабаронца Наста Лойка:  палтвязні, смяротнае пакаранне, свабода мірных сходаў і асацыяцый.

– У мяне ёсць тэорыя, што ў правы чалавека дый увогуле ў актывізм ідуць тыя, хто ў свой час быў вельмі моцна пакрыўджаны чымсьці. Чым была пакрыўджана ты?

– Увогуле не ўсе людзі схільныя да актыўнасцей, у гэтай сферы ёсць розныя людзі і прыходзяць у яе таксама людзі розныя, але ва ўсіх іх ёсць абвостранае пачуццё справядлівасці. Каб быць шчаслівым дастаткова проста прыслухоўвацца да сябе і не забываць пра сябе клапаціцца.

– Чым яшчэ акрамя праваабарончай дзейнасці ты займаешся?

– На дадзены момант гэта мая асноўная справа. У вольны час я займаюсь фота, вельмі люблю гатаваць, гэта дапамагае знаходзіць раўнавагу.

– Відавочна, што вакол цябе такія ж амбітныя людзі. І давай шчыра, мы ж абодва ведаем, што табе зайздросцяць. Як ты гэта адчуваеш?

– Пакуль я сутыкнулася з гэтым толькі прачытаўшы каментары да аднаго з артыкулаў. У мяне цяжка з разуменнем эмоцый людзей, таму часта я проста не зчытваю гэта.

– Ці ёсць у цябе ўлюбены чалавек і як ён адрэагаваў на твой поспех?

– Зараз няма.

– Добра. Як павінен чалавек побач з табой успрымаць твае поспехі?

 – Я думаю што мне было б прыемна, каб гэты чалавек разумеў што значыць для мяне тое ці іншае дасягненне і паважаў маю справу.

– Як зрэагавалі твае бацькі на такую прыемную навіну?

– Яны, канешне, павіншавалі. Але сапраўднае разуменне да іх прыйшло на наступны дзень, калі маме – яна выкладчыца гісторыі – пачалі тэлефанаваць яе былыя калегі і віншаваць, а да бацькі, ён інжэнер, падыйшоў начальнік і сказаў што бачыў артыкулы пра мяне.

– Прадставім карціну – праходзіць час. Зараз Forbes, пасля цябе любяць іншыя часопісы, ты робішся папулярнай медыяперсонай і Esquire просіць назваць цябе свае правілы жыцця. Можаш патрэніравацца ў гэтым інтэрв’ю – назаві тры штукі.

– Ух, напэўна тады гэта будзе нешта іншае, а зараз я прытрымліваюся такіх правілаў: па-першае, я жыву сённяшнім днём і не планую жыццё далей чым на паўгады наперад; па-другое, варта разумець што няма нічога і нікога назаўсёды, усё сыходзіць, не варта моцна заганяцца; і па-трэцяе, неабходна клапаціцца пра сябе.

– Хто твой галоўны вораг?

– У мяне няма ворагаў.

– У кожнага ў жыцці былі людзі, якія неяк непрыемна крыўдзілі падчас школы ці універа.

– У школе ў мяне быў канфлікт, калі я прыйшла ў новую клясу, гэта мяне моцна змяніла, але зрэшты мы знайшлі агульную мову і нават зараз сябруем і, часам, збіраемся. Была нават драка. Я стараюсь не крыўдаваць на людзей, разумець чаму і навошта яны кажуць непрыемныя і абразлівыя рэчы. Часьцей таму, што самі пакрыўджаныя. Я магу пажадаць ім удачы ў жыцці.

– Што б ты хацела бачыць на сваім надмагільным помніку і штоб ты хацела бачыць на надмагільным помніку чалавека, якога ты не любіш больш за ўсё?

– Я думаю што надмагільны помнік цісне і стрымлівае, таму я хачу каб маё цела спалілі. А для чалавека, якога я не люблю больш за ўсё, я пажадаю надмагільны помнік з любым надпісам на яго густ.

– Што круцей, быць Аляксандрам Лукашэнкай або 21-гадовай праваабаронцай, якую ўключылі ў спіс “30 да 30” Forbes?

Вядома, быць 21-гадовай праваабаронцай, тут без сумневу (смяецца).

– Гэта будзе самае дрэннае пытанне за ўсю гісторыю існавання жанру інтэрв’ю. Што ты такога ясі і п’еш, што цябе друкуе топавы часопіс?

– Я не люблю гародніну і люблю пасту з мясам, а п’ю чырвонае паўсухое.

– Прадставім, што цябе пераносяць у мінулае. У цябе ёсць шанец сваімі рукамі забіць Гітлера і не даць адбыцца другой Міравой. Ты гэта зробіш, ці адмовішся, ведаючы, што адмова прынясе мільёны чалавечых ахвяраў?

– Наўрадці я магла б забіць чалавека, любы чалавек мае права на жыццё і ні я, ні нехта іншы, не мае права яго адняць. Я бы паспрабавала з ім паразмаўляць, але дакладна не забіла б.

– Што больш за ўсё раздражняе цябе ў людзях навокал і якой павінна быць краіна на твой погляд?

Больш за ўсё раздражняе абмежаванасць і ўпартасць, калі спрабуеш весці дыскусію, а чалавек непрабіўны, таму што “у навінах так казалі”. Краіна ў нас цудоўная, пытанні толькі па некаторых людзях. Трэба быць цярпімей і паважаць меркаванні іншых людзей. У маштабах краіны гэта павага да права на сходы, свабоды слова, адсутнасць гвалту. Калі людзі навучацца размаўляць і паважаць адзін аднаго, то і краіна зменіцца.

– Ты сыйшла з каледжу праз канфлікт з выкладчыкам. Што здарылася і якой ты бачыш ідэальную адукацыю у Беларусі?

Мне прыйшлося перавесціся на завочную форму на апошнія паўгады і калі я здавала акадэмічную розніцу, то ўсплыла яшчэ адна курсавая. Мне сказалі аформіць тое, што я паспела напісаць па дыплёму ў курсач, і абараніцца, што я і зрабіла. Калі адзнака была выстаўлена, выкладчык пацікавіўся прычынай майго пераходу на завочнае і спытаў, чым жа я займаюся зараз. На той момант я разам з валантэрамі Human Constanta дапамагала збіраць інфармацыю і праводзіць апытанні сем’яў мігрантаў у Берасці. Пасля маіх словаў я выслухала прамову поўную стэрэатыпаў, нецярпімасці і злосці адносна гэтых людзей. Вішанкай сталі словы “трэба было табе 5 паставіць, а не 8”. Я не хацела моцна піарыць гэтага выкладчыка да сваёй абароны дыплёму, але падчас размовы пра тое, што я не паспяваю дапісаць новую працу ў такія кароткія тэрміны, (з-за запазычанасці мне далі новую, зусім іншую тэму і каля двух месяцаў на напісанне) ён проста кінуў слухаўку. Гэта быў красавік, “Гарачая вясна” ужо шла на спад, але нервы яшчэ не супакоіліся. Я моцна расстроілася і кінула навуковую працу, перастала кантактаваць з каледжам і не пайшла на абарону.

– Ты стала адной з найбольш маладых удзельніц спіса. Але пры гэтым грамадскія, палітычныя ініцыятывы церпяць ад недахопу маладых людзей, асабліва ў рэгіёнах. Чаму так адбываецца і як гэта пераадолець?

Насамрэч у Беларусі шмат актыўнай моладзі. Людзі прыходзяць у НКА, але мала хто ведае як зацікавіць і зачапіць моладзь, што з людзьмі трэба працаваць і не раз на месяц. Вялікі ўзроставы разрыў таксама грае ролю, да і ніхто не хоча асабліва прыкладаць намаганняў каб нешта змянялася, каб людзі прыходзілі і заставаліся.

– Тэма смяротнага пакарання, тэма ўцекачоў – на іх беларускае грамадства рэагуе дастаткова балюча, маўляў, забойцай трэба забіваць, а Беларусь – не для чэчэнаў і цыганоў. Што трэба з гэтым рабіць, а галоўнае – як?

– Размаўляць, тлумачыць, прасвятляць. Варта нагадваць пра тое? што ў кожнага ёсць продкі, якія ў свой час мігрыравалі па розных прычынах. Тлумачыць што ўцекачы гэта не зусім дабравольныя мігранты.
А пра смяротнае пакаранне, то тут у кожнага свае аргументы. Я лічу асноўнымі тое што ў Беларусі апраўдальных прысудаў менш за 1 адсотак, таму існуе вялікая верагоднасць судовай памылкі і тое што жыццё давалі не мы і мы не маем права яго адбіраць.