Адзін з самых яркіх актывістаў Магілёва гэтага лета Валадар Цурпанаў абвясціў сухую галадоўку ў ІЧУ і трымае яе ўжо тыдзень. Гэта нясе непасрэдную пагрозу яго жыццю. Чаму Цурпанаў рашыўся на такі крок і чым усё скончыцца?
21 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі / На здымку – Валадар Цурпанаў перад судом у траўні 2016 года
ЧАЛАВЕК СА СТАЛІ
Валадар Цурпанаў – адзін з самых вядомых актывістаў Магілёва. Пачынаючы з 90-х гадоў, ён рэгулярна ўдзельнічаў у самых гучных палітычных кампаніях. Калі ў жніўні 2020 гады пачалася «беларуская рэвалюцыя», Цурпанаў праявіў сябе як мясцовы лідар.
Падчас шматлікай акцыі пратэсту 16 жніўня Валадар сабраў вакол сябе вялікую колькасць людзей і прапанаваў прагаласаваць за яго кандыдатуру ў якасці афіцыйнага перагаворшчыка з уладамі. Калі людзі пагадзіліся, ён склаў “Рэзалюцыю удзельнікаў мітынгу пратэсту” з пятнаццаці патрабаванняў, у якой першым пунктам значылася адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.
З гэтым дакументам яго прынялі ў Магілёўскім аблвыканкаме старшыня Леанід Заяц, намеснік Зайца Валерый Малашка і старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў. Зрэшты, патрабаванні людзей, перададзеныя праз Цурпанава, засталіся праігнараваныя.
АДПАЛ НА ЛІНЕЙЦЫ
Калі скончыўся гарачы жнівень, стала відавочна, што ўлады не спяшаюцца ісці на саступку гараджанам. Людзей пачалі выклікаць у міліцыю за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, дзе спачатку абмяжоўваліся патрабаваннем не ўдзельнічаць у акцыях пратэсту ў далейшым.
Тады ж затрымалі і Валадара Цурпанава. У Ленінскім РАУС Магілёва на яго склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у мірнай акцыі 23 жніўня, пасля чаго адпусьцілі. Праз тыдзень актывіст заявіў пра сябе на ўсю Беларусь.
1 верасня актывіст з’явіўся на лінейку ў сярэднюю школу №43, дзе побач са сцэнай гучна запатрабаваў ад педагогаў школы, якія ўваходзілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, пакаяцца ў фальсіфікацыях на прэзідэнцкіх выбарах. Момант трапіў на відэа і разляцеўся па СМІ і телеграм-каналах.
Актывіста сілай адвялі двое супрацоўнікаў міліцыі, пасля чаго даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Там на яго склалі два пратаколы – за дробнае хуліганства (17.1 КаАП РБ) і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (23.4 КаАП РБ).
За гэты інцыдэнт 2 верасня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў Цурпанаву шляхам «частковага складання» 20 сутак арышт. Актывіст адправіўся ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.
ГУЧНЫ СУД
Ён не паспеў выйсці з ІЧУ, як яго зноў судзілі. 9 верасня суддзя Вікторыя Палякова пачала разгляд адміністрацыйнай справы Цурпанава за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня. Пасяджэнне праходзіла праз скайп. Валадар не чакаў, што яго будуць судзіць. Так гэта зразумеў праваабаронца Саша Райкан, які прысутнічаў на паседжанні.
– Цурпанаў пачаў пытацца, «што гэта», мабыць, не разумеючы, навошта яго садзяць перад вэбкамерай. Потым ён запатрабаваў прадаставіць перакладчыка з рускай на беларускую, на што ён меў права. Аднак суддзя Палякова праігнаравала яго патрабаванне, – сказаў Райкан.
Пасля таго, як актывісту адмовілі ва ўдзеле перакладчыка, той раззлаваўся. Гледачы чулі, як Цурпанаў гучна сказаў суддзе «Валі адсюль, [неразборліва] падсцілка хунтаўская».
Адразу пасля гэтага суддзя Вікторыя Палякова перапыніла працэс па прычыне «хуліганскіх дзеянняў» Цурпанава. Пасля перапынку яна абвясціла, што Валадар аштрафаваны на 10 базавых велічынь за непавагу да суду (арт.24.1 КаАП РБ).
Яна таксама заявіла, што Цурпанаў больш у працэсе не ўдзельнічае. Далейшы працэс ператварыўся ў фармальнасць. Прабегшыся па матэрыялах справы і паглядзеўшы некалькі відэазапісаў, Палякова пастанавіла прысудзіць актывісту яшчэ 8 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Такім чынам, агульны тэрмін арышту актывіста вырас да 28 сутак.
ГАЛОДНЫЯ ГУЛЬНІ КОШТАМ У ЖЫЦЦЁ
З Валадаром пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. У мінулую нядзелю, 13 верасня, жонка Валадара Ірына перадала яму перадачу, у якой была і вада. Спачатку перадачу прынялі, аднак потым Ірыне патэлефанавалі і папрасілі забраць ваду. Нібыта, Цурпанаў абвясціў сухую галадоўку.
Адвакат, якога нанялі для наведвання Цурпанава, распавёў, што актывіста ў ІЧУ пасадзілі ў двухмесную камеру, дзе ён некаторы час знаходзіўся адзін. Затым у нейкі момант яго выклікалі да медыка, у кабінеце якога знаходзіўся чалавек, які прадставіўся псіхіятрам. Нібыта, Цурпанаў адмовіўся размаўляць з медыцынскімі супрацоўнікамі і абвясціў «сухую галадоўку».
Ірына Цурпанава распавяла, што апошні ліст атрымала ад Валадара яшчэ 12 верасня. У ім ён асабліва ні на што не скардзіўся і быў бадзёры.
Ірына звярнулася да кіраўніцтва ІЧУ з патрабаваннем асабістага прыёму. Яе запісалі на пятніцу, 18 верасня, да начальніка ізалятара Каралёва. Зрэшты, хутка ўсё перайгралі – начальнік ІЧУ адмовіўся сустракацца з ёй асабіста, спаслаўшыся на эпідэміялагічную абстаноўку. Ірына не разгубілася і запатрабавала асабістай тэлефоннай размовы:
– Я задала яму пытанне, на якой падставе майго мужа вырашыў агледзець псіхіятр. У адказ я пачула, што, нібыта, усіх «пастаяльцаў» – Каралёў сам выкарыстаў гэтае слова, – аглядвае псіхіятр. Згодна з рашэннем медыка, Валадар пры свядомасці. Галадоўку Валадар абвясціў, калі верыць Каралёву, 12 верасня праз нязгоду з рашэннем суда. Якога менавіта – за 2 ці 9 верасня – незразумела. Пры гэтым сам Каралёў не казаў, што Валадар абвясціў менавіта сухую галадоўку. Такога словазлучэння не гучала. На маё пытанне, які стан здароўя майго мужа, Каралёў адказаў «нармальнае», – распавяла Ірына.
Сітуацыя з Валадаром максімальна дзіўная – падчас апошняй перадачы Ірына Цурпанава спрабавала перадаць цёплыя рэчы, сшытак і пісьмовыя прыналежнасці. У ІЧУ ёй, аднак, паведамілі, што актывіст адмовіўся прымаць цёплыя рэчы. Чаму і што адбываецца з Валадаром унутры ізалятара?
ШТО АДБЫВАЕЦЦА І ЧЫМ ПАГРАЖАЕ СУХАЯ ГАЛАДОЎКА?
У першую чаргу, выклікае пытанні заява начальніка ІЧУ аб тым, што Валадар пачаў галадоўку 12 верасня праз нязгоду з рашэннем суда. Першы суд у яго быў 2 верасня, другі – 9 верасня. Актывіст чакаў тры дні, каб абвясціць галадоўку?
Па-другое, незразумела, як звязана адмова ад прыняцця цёплых рэчаў з галадоўкай. Улічваючы, што нават у гарачыя дні ў камерах ізалятара не горача, відавочна, што зараз, калі тэмпература стала цалкам восеньскай, там вельмі халодна. Цурпанаў мала таго, што галадае аж да адмовы ад вады, дык яшчэ і катуе сябе холадам?
Каб вы разумелі, калі падчас звычайнай галадоўкі чалавек проста адмаўляецца ад ежы, то падчас сухой ён адмаўляецца яшчэ і ад прыёму вадкасці.
Калі Цурпанаў сапраўды знаходзіцца ў стане сухой галадоўкі з 12 верасня і не перарываў яе, то прама зараз стан актывіста выклікае вялікую трывогу: без вады чалавек у прынцыпе можа пражыць не больш за 10-12 сутак.
Верагодна, сваімі дзеяннямі Цурпанаў дамагаўся, каб яго вызвалілі 21 верасня – у дзень, калі сыходзіць тэрмін арышту па першаму суду. Аднак ранкам 21 верасня стала вядома, што актывіста будуць трымаць ўсе 28 сутак. Калі Цурпанаў пойдзе да канца (у чым вельмі мала сумневу), то скончыцца ўсё гэта вельмі дрэнна.
Раней, у 1997 годзе, Валадар Цурпанаў ладзіў звычайную галадоўку падчас арышту на 10 сутак. Тады ён загрымеў у лякарню. Што будзе пасля сухой – нават уявіць страшна.
Старшыня Магілёўскага праваабарончага цэнтра Уладзімір Краўчанка, занепакоены станам Цурпанава, на мінулым тыдні накіраваў скаргі ў гарадскую пракуратуру і начальніку ізалятара часовага ўтрымання.