Пуцін будзе задаволены.

31 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі кінутыя ўсе сілы і грошы – магілёўскія ўлады дзейнічаюць выключна ў інтарэсах гэтага мерапрыемства. Спецыяльна для гэтага на рамонт Дома культуры вобласці пакінута амаль 5$ млн. даляраў – будынак павінен стаць асноўнай базай для Форуму.

Мяркуючы па аб’яве на сайце дзяржзакупак, гасцей з Расіі вельмі хочуць здзівіць раскошай: Упраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) закупляе адразу два элітных камплекты мэблі для хола.

У яго ўваходзяць кутняя канапа і круглы часопісны столік з масіва дрэва і скуры. За два камплекты УКБ гатовы аддаць 20 тысяч рублёў – па 10 тысяч за кожны (5$ тыс).

Але і гэта яшчэ не ўсё – для абласнога Дома культуры закупляюць яшчэ і 31 канапу для адпачынку за 30 тысяч рублёў.

Усяго УКБ гатовы выдаткаваць на мяккую мэблю суму эквівалентную кошту двухпакаёвай кватэры ў Магілёве – 50 тысяч рублёў або 25$ тысяч.

Усе работы павінны быць завершаны да восені гэтага года. Форум рэгіёнаў пачынаецца ўжо ў кастрычніку. Мясцовыя ўлады разлічваюць, што арганізацыі, прадпрыемствы і рэгіёны заключаць на форуме новыя камерцыйныя кантракты і пагадненні на суму ў больш за $ 400 млн. У Магілёў на мерапрыемства таксама чакаюць прэзідэнтаў Расіі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку.