На паседжанне прыйшлі журналісты, ЛГБТ-актывісты і хрысціянскія актывісты з абразамі – усё, як вы любіце.
8 ліпеня. Магілёў. Саша Райкан
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Раней рэдакцыя газеты за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Паўла Лёгкага атрымала экспертнае заключэнне камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяваў экстрэмізму ад 5 красавіка 2019 года №174.
Паводле дадзенага заключэння ў двух артыкулах, апублікаваных у газеце «Вячэрні Магілёў» і на сайце ў 2015-2016 гадах пад назвай «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны» знайшлі прыкметы экстрэмізму.
Суд Ленінскага раёна павінен устанавіць, ці сапраўды матэрыялы з’яўляюцца экстрэмісцкімі. Працэс пачаўся 8 ліпеня. Вось тут можна ўбачыць і пачуць, як усё адбывалася і што казаў на пасяджэнні абаронца газеты:
Падтрымаць газету прыйшло каля двух дзесяткаў праваслаўных актывістаў. З сабой яны прынеслі іконы. Хтосьці прывёў нават дзяцей, аднак сакратар судовага пасяджэння забараніла непаўналетнім прысутнічаць на працэсе.
Галоўны рэдактар выдання Надзея Леўчанка на суд не прыйшла. Інтарэсы рэдакцыі прадстаўляў яе сын Станіслаў, які зьяўляецца юрыстам “Вячэрняга Магілёва”. Ён атрымаў скандальную вядомасць, калі ў 2015 годзе будучы суддзёй суда Магілёўскага раёна выдаў у газеце інтымную інфармацыю пра трансгендэра, якога затрымала міліцыя.
Апаніраваў яму супрацоўнік Ленінскага РАУС Яўген Слаўнікаў, які вёў адміністрацыйны працэс у дачыненні да газеты.
Ужо ў самым пачатку паседжання суддзя Аляксандр Бушкевіч зрабіў некалькі заўваг праваслаўным абаронцам газеты, паколькі тыя некалькі разоў дазвалялі сабе рэплікі з залы.
Станіслаў Леўчанка адразу ж заявіў суддзі адвод. Ён матываваў гэта тым, што Бушкевіч – былы следчы Следчага камітэта і, як былы сілавік, негатыўна ставіцца да ЛГБТ.
– У дадзены момант суддзе непрыемна разглядаць справу. У сувязі з гэтым суддзя не можа па ўнутраных перакананнях яго разглядаць, – заявіў Леўчанка.
Бушкевіч хадайніцтва аб адводзе адхіліў.
У сваім далейшым выступленні Леўчанка распавёў, што экспертная камісія, якая знайшла прыкметы экстрэмізму ў матэрыялах «Вечернего Магілёва», не паведаміла пра дату і месца свайго пасяджэння, а таксама не прыслала сваё заключэнне ў рэдакцыю газеты.
Акрамя таго, выданне не атрымала копію пратакола пасяджэння камісіі. Юрыст «Вячоркі» зрабіў здагадку, што гэта звязана з магчымымі фальсіфікацыямі з боку камісіі.
Ён заявіў, што газета ўжо падала скаргу на экспертную камісію ў эканамічны суд Мінска. Вынікаў пакуль няма – дакументы, па сцвярджэнні Леўчанкі, паступілі ў менскі суд толькі сёння, 8 ліпеня.
Каб пераканацца ў гэтым, суддзя Аляксандр Бушкевіч абвясціў перапынак у працэсе да 11 ліпеня.
Адразу пасля паседжання ў будынку суда праваслаўныя актывісты дазволілі сабе некалькі негатыўных выказванняў на адрас ЛГБТ. У прыватнасці, аднаго з гледачоў яны назвалі «петушарай», а геяў – «педарастамі».
З прадстаўнікамі СМІ і Леўчанка, і абаронцы газеты размаўляць адмовіліся.
Скончылі свой паход у суд яны агульным фота з абразамі.