Галоўнае – колькасць працоўных месцаў, а не чыстае паветра?
20 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Журналіст дзяржаўнай газеты «Рэспубліка» Уладзімір Ваўчкоў абвінаваціў беларусаў у тым, што яны адпужваюць замежныя інвестыцыі. У выпуску ад 19 чэрвеня ў матэрыяле «Чуткамі інвестыцыі псуюцца»аўтар заявіў, што барацьба супраць экалагічна брудных вытворчасцей – гэта чыя-то спланаваная работа і спроба спужаць замежных інвестараў.У тым ліку і ў Магілёве.
Кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны Андрэй Ярцаў паскардзіўся «Рэспубліцы», што даводзіцца трываць спрэчкі з грамадзянамі:
– Простыя людзі не заўсёды здольныя разабрацца пісьменна ў праблеме, а сваё меркаванне фармуюць зыходзячы з чутак ці пэўных фобій. Ўпіраюцца ў наяўнасць выкідаў у паветра і тармозяць тэхнічны прагрэс, – абвінаваціў суайчыннікаў чыноўнік.
Пры гэтым выданне не адмаўляе, што праблемы ёсць і прыводзіць лічбу ў 13% выкідаў, якія прыпадаюць на прамысловасць. Але тут жа перакладае стрэлкі на тое, што ад аўтамабіляў і чыгункі шкодных выкідаў больш.
– Інвестары пойдуць свае праекты рэалізоўваць у Смаленск. А дзе працаваць беларусам?, – задае рытарычнае пытанне аўтар, перш чым ўстаўляе падзагаловак «Без грошай чыстае паветра не патрэбна».
Усё ідзе па плане
Барацьба з экалагічнымі праблемамі ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” перыядычна вядзецца ўжо некалькі гадоў. У 2015 годзе жыхары пасёлка Вейна сабралі паўтары тысячы подпісаў супраць будаўніцтва завода па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон». Акрамя таго, у забруджванні навакольнага асяроддзя яны тады абвінавацілі завод Kronospan, які атрымаў штраф за выкіды ў возера ў Навасёлках.
У верасні 2016 года жыхары Вейна трапілі на прыём да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.Яны паскардзіліся на непрыемны пах і шум, якія зыходзілі ад прадпрыемстваў у СЭЗ “Магілёў”.
Чыноўнік адмовіўся прызнаваць праблему:
– Не пацвярджаецца, што выкіды гэтых прадпрыемстваў настолькі забруджваюць навакольнае асяроддзе, што наносяць шкоду здароўю людзей. За прадпрыемствамі вядзецца строгі маніторынг, і пакуль не выяўлена ні воднага выпадку. Тым больш, што на гэтых вытворчасцях ўжыта самае сучаснае абсталяванне, у тым ліку па ачыстцы выкідаў у навакольнае асяроддзе, – заявіў тады на сустрэчы Даманеўскі.
З ім пагадзіўся галоўны ўрач Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вячаслаў Шуляк. Ён сказаў, што не бывае вытворчасці, якая б не аказвала негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе. Але з чатырох узроўняў ўплыву на экалогію дзейнасць заводаў СЭЗ «Магілёў» аднеслі да самага нізкага.
Тут так прыгожа – я перастаю дыхаць
Адзін з апошніх і самых буйных удзельнікаў СЭЗ «Магілёў» – завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў».
Завод ужо пабудаваны і зусім хутка плануецца запусціць яго ў эксплуатацыю на поўную моц. На піку ён будзе вырабляць 200 тысяч тон тэхвуглярода у год. Прадукцыя прызначаецца ў першую чаргу для бабруйскага заводу «Белшына».
Упершыню падобны завод быў пабудаваны ў Омску ў 1944 годзе. З часам ён ператварыўся ў адзну з найбруднейшых вытворчасцяў Расіі.
Так, у 2010 годзе на завод была заведзеная крымінальная справа. Пасля «Омск Карбон» быў прад’яўлены пазоў ў 1 млн. расійскіх рублёў. У 2012 годзе Федэральны арбітражны суд Заходне-Сібірскай акругі прымусіў завод выплаціць кампенсацыю.
Сайт «Магілёўскі рэгіён» 6tv.by ў мінулым годзе апублікаваў цыкл матэрыялаў, якія распавядалі пра магчымыя негатыўныя наступствы працы прадпрыемства. У адказ на гэта кіраўнік ТАА «Омсктэхвуглярод» Валер Каплунат папрасіў беларускую міліцыю правесці праверку ў дачыненні да журналістаў партала.
Нічога супрацьзаконнага ў дзеяннях журналістаў сілавікі не ўбачылі.
Зрэшты, на будаўніцтва завода ні журналісты, ні эколагі, ні актывісты ніяк не паўплывалі. Хутка ён запрацуе на поўную моц. Грамадскасць можа арыентавацца толькі на тыя дадзеныя аб шкодных выкідах, якія ім прадстаўляюць органы, падкантрольныя ўладам.
Як напісаў аўтар газеты «Рэспубліка» Уладзімір Ваўчкоў, «без грошай чыстае паветра не патрэбна».