У-у-х, якую ядзерную штуку мы рыхтуем для сталіцы. Мінчане, гатовыя? У такім вы яшчэ дакладна не ўдзельнічалі.

Валанцёрская каманда MAYDAY, часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE і валанцёрская служба “Вясны” 8 лютага на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” правядуць забойную інтэрактыўную гульню “Выжыць у Беларусі”.

ШТО ГЭТА ТАКОЕ?

Сацыяльна-праваабарончая гульня з поўным уцягваннем “Выжыць у Беларусі” – гэта распрацоўка каманды MAYDAY.

Напэўна, усе калі-небудзь у жыцці гулялі ў настольныя гульні, дзе трэба кідаць ігральную костку, а потым ісці на столькі крокаў, колькі выпала на кубіку.

Нашая гульня чымсьці падобная. Толькі замест фішак будуць хадзіць самі ўдзельнікі, кубік будзе пабольш, а галоўнае – да канца дабяруцца не ўсе (пашанцуе, калі хоць хто-небудзь дабярэцца).

Гульцоў на іх вялікім ігральных полі будуць чакаць розныя пасткі і складанасці, з якімі сутыкаюцца ў штодзённым жыцці большасць беларусаў.

Галоўная мэта – выжыць. Ну, ці хаця б пражыць даўжэй астатніх, таму што наша гульнявая дзяржава рыхтуе мноства сюрпрызаў – ад крымінальнага пераследу да дэпутацкага мандату.

Гульня “Выжыць у Беларусі” – выдатны спосаб глабальна паглядзець у гульнявой форме на тыя праблемы, якія атачаюць нас прама цяпер. Канешне, потым мы абмяркуем усё, што перажылі.

Я З МІНСКА. МНЕ БУДЗЕ ЦІКАВА?

Вядома! Спецыяльна да 8 лютага мы падрыхтавалі спецыяльную версію гульні, ад якой вам будзе складана адарвацца.

Не верыце нам? Можаце паглядзець фоторепорт з нашай магілёўскай гульні – здаецца, людзям спадабалася.

Ну, а калі не верыце фота, то вось для вас рэпартаж тэлеканала БелСАТ.

https://belsat.eu/in-focus/vyzhyts-u-belarusi-gulnya-pra-realnae-zhytstsyo-u-kraine/

ШТО, ДЗЕ, КАЛІ І ЯКІЯ ПАТРАБАВАННІ

Гульня “Выжыць у Беларусі” пройдзе ў суботу, 8 лютага, у Мінску.

Месца – пляцоўка “Тэрыторыя правоў” (ст.м. “Уручча”, вул. Ложынская, 16, памяшканне 404).

Пачатак – а 15:00.

Уваход вольны, але па папярэдняй рэгістрацыі. Колькасць удзельнікаў, нажаль, мы вымушаныя абмежаваць дзеля зручнасці гульцоў. Зарэгістравацца можна па гэтай спасылцы: https://forms.gle/XtME3xqTAwzarrKb8.

Ёсць пытанні? Тады пішыце на mspring.online@gmail.com.