Дзень правоў чалавека ў Магілёве: як гэта было ФОТА

Раздача спэцвыпуску “Народнай волі” і прэм’ера праваабаронча-сацыяльнай гульні.

11 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


10 снежня штогод адзначаецца Сусветны дзень правоў чалавека. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека – эпахальны дакумент, у якім былі абвешчаныя неад’емныя правы, уласцівыя кожнаму чалавеку па-за залежнасці ад яго расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага, саслоўнага ці іншага становішча.

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» адмыслова падрыхтаваліся да гэтага дня. Аляксей Колчын, Аляксандр Буракоў і Саша Райкан падтрымалі рэспубліканскую акцыю праваабарончага цэнтру “Вясна” па раздачы спецыяльнага выпуску газеты «Народная воля», прысвечанага правам чалавека.

На працягу двух гадзін яны раздалі магілёўцам некалькі соцень асобнікаў выдання, у якім распавядаецца пра асноўныя правы чалавека, а таксама парушэнні і праблемы, якія ёсць у гэтай сферы ў Беларусі.

Вечарам 10 снежня валанцёрская каманда «Магілёўскай вясны» MAYDAY прэзентавала ўласную распрацоўку – праваабаронча-сацыяльную гульню «Выжыць у Беларусі». Такое ў Магілёве ўбачылі ўпершыню.

Больш за дваццаці удзельнікам прапанавалі паспрабаваць пражыць да 65 гадоў – прыкладнага ўзросту сярэдняй працягласці жыцця ў Беларусі. На працягу «жыцця» яны сутыкаліся з рознымі перашкодамі, характэрнымі для нашай краіны: хтосьці атрымліваў вялікі тэрмін па артыкуле 328, хтосьці не змог стаць міліцыянерам з-за ўдзелу ў пратэстных акцыях, а хтосьці памёр ад радыяцыі з-за выбуху на Астравецкай АЭС.

– Гэта першы раз, калі мы выкацілі гульню. Вядома, не ўсё было гладка – не чакалі столькі ўдзельнікаў, былі дзесьці агрэхі. Нам на іх паказалі самі гульцы і ў бліжэйшы час мы збярэмся з імі, каб зрабіць гульню яшчэ лепш. Уласна, удзельнікі гульні – галоўная яе годнасць, у Магілёве нерэальна крутыя дзяўчаты і хлопцы. Таксама велізарны рэспект ўсім, хто распрацоўваў гульню – гэта Ханна Зубкова, Каця Іванова, Дзіма Тоўсцік, Лера Лепешава, Аляксандр Буракоў. Таксама вялікі дзякуй камандзе АБФ Магілёў, з якімі мы ладзім Тыдзень правоў чалавека, – распавёў удзельнік MAYDAY Саша Райкан.

Паводле яго слоў, у цэлым, гульня спраўдзіла чаканні:

– Падчас працэсу ўдзельнікі «паміралі» ад «алкагалізму», няякаснай меддапамогі, чорных рыэлтараў і шмат чаго іншага. У выніку да 65 гадоў дабраліся толькі «міліцыянер» і «бяздомная». Высокія былі шанцы ў «дэпутата», але ён згарэў ад анкалогіі ў «59 гадоў». Гэтая гульня – добрая нагода задумацца пра тое, што адбываецца ў нашай краіне і што чакае цябе гадоў праз 10, – сказаў праваабаронца.